Хвінявіцкая мясцовасць знаходзіцца ў цэнтральнай частцы заходняй ускраіны Усходне – Еўрапейскай раўніны. У параўнанні з іншымі навакольнымі вёскамі Хвінявічы лічыцца найвялікшым пасяленнем, што тлумачыцца неабходнасцю апрацоўваць шырокія палі і палеткі, якія раскінуліся вакол. Першая вядомая пісьмовая згадка вёскі ў інвентары Дзятлаўскага маёнтка князя Канстанціна Астрожскага датуецца 1580 годам. Цікава, што ў тыя часы паселішча называлася крыху іначай – Хведзявічы. У такім гучанні зразумела, што назва паходзіць ад імені нейкага Хведара. Напрыканцы XVII – пачатку XIX стагоддзя Хвінявічы адносіліся да фальварка Сіратаўшчына. У інвентары за 1795 год пазначана, што ў вёсцы жыло 58 мужчын і 55 жанчын. А ў інвентары, складзеным у 1832 годзе, указана, што вёска налічвала 21 дом. У 1924 годзе ў вёсцы па ініцыятыве Таварыства беларускіх школ і пры падтрымцы свяшчэніка Накрышскай царквы Антонія Сокал-Кутылоўскага была адкрыта беларускамоўная школа. Настаўніцай стала Вера Катрач. Але польскія ўлады паставіліся да гэтай ініцыятывы крайне негатыўна. Бацькі, чые дзеці хадзілі не ў польскую, а ў беларускую школу, атрымлівалі штрафы, але і гэтая мера не дапамагла. Праз некаторы час польская паліцыя зачыніла беларускую школу, а настаўніца была арыштавана. Апрача настаўніцы, у акружны суд Гародні прыцягнулі солтыса вёскі Хвінявічы Данілу Сцяцка, а таксама Максіма Сіўка і Міхася Пархача, – гаспадароў, якія далі свае дамы пад школу і для пражывання настаўніцы Веры Катрач.
Вёска Хвінявічы знаходзіцца за 10 км на паўночны захад ад Дзятлава, 138 км ад Гродна, 23 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня. У 1880 годзе Хвінявічы вёска Пацаўскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні (271 жыхар). Паводле перапісу 1897 года – 48 дамоў, 352 жыхары. У 1923 годзе 48 гаспадарак, 249 жыхароў. Сёння вёска – аграгарадок, гэта цэнтр сельсавета “Парэчча” і КСУП “Хвінявічы”. Паходжанне назвы: назва ўтворана ад прозвішча Хвінявіч.
У адной з вёсак, у старым маёнтку, аднойчы спыніўся на начлег святар. Ён прыехаў у госці да мясцовага панства, каб адправіць набажэнства ў мясцовай царкве. Пан і пані маёнтка прынялі святара з ушанаваннем, і пасля сняданку запрасілі яго на начлег. Святар вельмі замёрз і з радасцю прыняў запрашэнне. Пан і пані паказалі яму спальню, і ён адразу ж лёг спаць. Сніцца святару сон, што яго хтосьці будзіць і гаворыць, што трэба хутка пакідаць маёнтак. Святар вельмі перапалохаўся і вырашыў усё ж такі пакінуць маёнтак. Ён хутка сабраў свае рэчы і выйшаў з маёнтка не чакаючы раніцы. Адышоўшы некалькі кіламетраў, ён успомніў, што пакінуў Евангелле. Святар вырашыў вярнуцца. Вярнуўшыся, быў вельмі здзіўлены. На месцы, дзе стаяў маёнтак, абразавалася возера, а пасярод возера плаваў стол і на стале ляжала яго Евангелле. Спытаўшы мясцовых жыхароў, што здарылася з маёнткам, ніхто не змог адказаць на яго пытанне. Возера аказалася вельмі глубокае, нават улетку вада вельмі сцюдзёная. З таго часу, мясцовыя жыхары казалі, што Карпінская яма – гэта месца, дзе адбываюцца цуды, і што пан і пані, а таксама іхнія слугі часам прагульваюцца каля возера.
20 ліпеня 1949 года сяляне вёскі Накрышкі на сходзе арганізаваліся ў калгас “Імя Кірава”, у які ўвайшлі 35 сялянскіх двароў, 25 мужчын, 38 жанчын, 5 падлеткаў. Старшынёй абралі Мякіша Міхаіла Феліксавіча. 5 красавіка 1951 года ў калгас “Імя Кірава” з цэнтрам у Накрышках увайшлі: былы хутар Хабаткі, калгас “Імя Крупскай” (вёска Дубраўка), калгас “Імя Фрунзе” (вёскі Раманавічы і Навікі), калгас “Імя Васілеўскага” (вёска Хвінявічы), калгас “Шлях да камунізму” (вёска Парэчча). Узначаліў аб’яднаны калгас Аляксандр Эдуардавіч Пяшко. 8 ліпеня 1959 года ў склад калгаса ўвайшоў калгас “Імя Матросава” (вёскі Русакі, Разважжа, Жыбарты, Аляксандравічы). 12 красавіка 1963 года калгас “Імя Кірава” перайменавалі ў калгас “Імя Матросава”, на базе якога 20 красавіка 1965 года арганізавалі саўгас “Парэчча” з цэнтрам у вёсцы Хвінявічы. Узначаліў саўгас Залеўскі Васіль Браніслававіч. 25 сакавіка 1978 года да саўгаса “Парэчча” далучылі калгас “Дружба” (вёскі Дзям’янаўцы, Шаршні, Гузні, Чырвоны Бор, Пушча-Ліпічанская). 21 чэрвеня 1988 года саўгас “Парэчча” перайменавалі ў калгас “Парэчча”.
31 ліпеня 2003 года калгас “Парэчча” перайменавалі ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Хвінявічы”. 2 лютага 2011 года да СВК “Хвінявічы” далучылі СВК “Рудаяварскі" (вёскі Руда Яварская, Гута, Навасёлкі, Капці). З лістапада 2016 года СВК “Хвінявічы” перайменаваны ў камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Хвінявічы”. На яго тэрыторыі размяшчаюцца 26 населеных пунктаў. Агульная зямельная плошча сельгасугоддзяў —6032 га, у тым ліку раллі – 2454 га. Асноўным напрамкам работы прадпрыемства ў жывёлагадоўлі з’яўляюцца вырошчванне і адкорм буйной рагатай жывёлы, развядзенне авечак і трусаводства. Рэалізуецца прадукцыя галіны — малако і мяса буйной рагатай жывёлы, мяса і малых жывёл. КСУП “Хвінявічы” займаецца вырошчваннем пшаніцы, трыцікале, аўса, бульбы, рапсу, цукровых буракоў.
Вытворчая структура гаспадаркі ўключае: * 4 малочна-таварныя фермы; * ферма па гадоўлі і вырошчванню авечак і трусаў; * ферма па адкорму буйной рагатай жывёлы; * 3-ы зернесушыльных комплекса; * 2-а сховішча для агародніны.
За добрасумленную працу, прафесіяналізм, высокія і якасныя паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне Сушко Марыя ўзнагароджана нагрудным знакам “За заслугі” Беларускага прафсаюза работнікаў АПК – найвышэйшай прафсаюзнай узнагародай у аграпрамысловай галіне.
Загадчык малочнатаварнага комплексу “Парэчча” Мікалай Слушко. Уся працоўная біяграфія ўраджэнца Шчучыншчыны звязана з нашым раёнам, дзе сваёй плённай працай і адносінамі да справы ён даказаў: у сельскай гаспадарцы можна быць эфектыўным і паспяховым.
Гарачае харчаванне ў полі – абавязковы клопат сельскай гаспадаркі.
Ферма “Руда-Яварская”. Менавіта тут ўтрымліваюцца авечкі, бараны, ягняты, а трохі воддаль – пухнатыя трусы.
У 2013 годзе гаспадарку ўключылі ў рэспубліканскую праграму развіцця авечкагадоўлі на 2013-2015 гады, а ў 2015-м выдзелілі бюджэтныя сродкі для закупкі авечак. Тады набылі 400 галоў галандскай пароды тексель. Усяго ж 897 галоў, з іх 500-племянныя.
Трусаў ў КСУП “Хвінявічы” разводзяць не адзін год. Тут ёсць і вялікія, і маленькія вушасцікі розных парод. Усе пагалоўе - 2080 асобін. Чаму менавіта гэтыя пароды? Проста яны найбольш падыходзяць для прамысловага вырошчвання ў тутэйшых умовах. Да прыкладу, белых веліканаў у першую чаргу вырошчваюць дзеля белага футра. На другім месцы знаходзіцца мясная парода. Дарослы самец набірае да 8 кілаграмаў жывой масы, самка важыць – да 6200 грамаў. Самка труса адрозніваецца добрай пладавітасцю. Таксама прафесійныя фермеры адзначаюць высокую эфектыўнасць вырошчвання каліфарнійскіх трусаў менавіта з пункту гледжання іх выдатнай прадуктыўнасці. Яны з лёгкасцю дасягаюць жывой вагі ў 4,5 - 5,5 кілаграма. Рост адбываецца вельмі актыўна. Малюсенькі трусяня вагой 45 грамаў усяго за два месяцы дасягае вагі ўжо ў 2 кілаграма. Суадносіны мяса і тлушчу таксама добрае, якое вызначае выгаду гадоўлі.
У вёсцы Хвінявічы першапачаткова была пачатковая школа, якая ў 1960 годзе пераўтворана ў васьмігадовую школу. Дырэктарам школы быў прызначаны Грэнаш Пётр Віктаравіч.
У 1974 годзе была пабудавана Хвінявіцкая сярэдняя школа.
З верасня 1974 года ў новай школе займаўся толькі адзін 9-ы клас. З 1975 года ў новую школу перайшлі займацца ўсе класы. У школе тады было 360 навучэнцаў і 18 педагогаў. Першыя выпускнікі скончылі вучыцца ў маі 1976 года. Работнікі школы і вучні разам абжывалі новы прасторны будынак школы, добраўпарадкоўвалі прылеглую тэрыторыю. Сумеснымі намаганнямі перад будынкам быў пасаджаны школьны парк. Першым дырэктарам школы быў Сцяцко Леанід Міхайлавіч. Праз год яго змяніў вопытны дырэктар Улога Аляксандр Трыфанавіч. Ён працаваў на гэтай пасадзе з 1974 года па красавік 1980 года. З 1980 па 1998 год узначальвала школу Шоцік Марыя Іванаўна. З 1998 года па 2017 год дырэктарам школы была Далгач Марыя Антонаўна. У 2017 годзе школу ўзначаліў Жынко Уладзімір Уладзіміравіч, які працаваў дырэктарам да 2018 года. З 2019 года па 2021 год школай кіравала Орсік Іна Іванаўна. З 2021 года па 2022 год дырэктарам школы была Нячай Марына Міхайлаўна. З 2022 года і па цяперашні час школу ўзначальвае Цілігузава Святлана Вячаславаўна.
За час працы школы было 48 выпускаў: 580 выпускнікоў, з іх 21 чалавек скончылі школу з медалём. Са сцен школы выйшлі людзі розных прафесій. Выпускнікі школы, якія дамагліся пэўных вышынь: Лакіза Вадзім Леанідавіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт; Канюшкевіч Валерый Аляксандравіч, кандыдат хіміка-біялагічных навук; Канюшкевіч Дзмітрый Аляксандравіч, выкладчык Маскоўскага вышэйшага ваеннага вучылішча, Шалесны Аляксандр Аляксандравіч, дырэктар ТАА «ТД «ИЗО ПЛАСТ»; Далгач Таццяна Валянцінаўна, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт; Гізоўская Алёна Юр’еўна, карэспандэнт па Гродзенскай вобласці тэлекампаніі СТВ. Многія выпускнікі школы выбралі педагагічную прафесію, засталіся працаваць у роднай школе — Русін Алена Аляксееўна, Цілігузава Святлана Вячаславаўна, Трубчанкава Ларыса Яўгенаўна, Саўчанкава Вольга Міхайлаўна, Грынцэвіч Валянцін Іванавіч, Вашкевіч Людміла Вікенцьевна, Гізоўская Тамара Лявонаўна. На працягу ўсёй работы школа была ў ліку лепшых у раёне, часта аказвалася пераможцам раённых спаборніцтваў, творчых конкурсаў.
Любая школа славіцца не толькі сваімі вучнямі, але і сваімі настаўнікамі. Добры настаўнік не толькі любіць тое, што ён выкладае, але любіць і тых, каму выкладае. Менавіта настаўнік ўводзіць у свет ведаў, дапамагае спасцігнуць яго, фарміруе светапогляд, чалавечую асобу, адкрывае і развівае творчыя здольнасці, рыхтуе да жыцця. Школа не стаіць на месцы. Змяняецца сістэма адукацыі, удасканальваюцца падыходы да навучання, методыка, і настаўнік заўсёды павінен быць нароўні з часам. Па словах Сенека ён, «вучачы іншых, вучыцца сам». Вялікая руская актрыса Фаіна Ранеўская калісьці сказала, што «навучыцца тром прафесіях нельга. Гэта прафесіі лекара, настаўніка і артыста. Хіба можна навучыць любіць дзяцей? Не, не свайго дзіцяці, а тых дзяўчынак і хлапчукоў, якіх ты павінен навучыць чытаць і пісаць, тых, хто не так руплівы і разумны, хто часам проста невыносны. Любіць такіх дзяцей дадзена не ўсім...». Гэтыя словы пра настаўніка. Для любога чалавека настаўнік — гэта памяць пра дзяцінства, пра школу, якая застаецца на ўсё жыццё.
«…Я пачала сваю педагагічную дзейнасць у далёкі пасляваенны час, у 1947 годзе. Асноўная мая задача была не толькі навучыць маленькіх дзяцей, але і сагрэць іх душу, падарыць радасць, так як многія пасля вайны засталіся сіротамі, страцілі родных і блізкіх. Працуючы ў дзіцячым доме, я зразумела, што самае важнае прызначэнне настаўніка — выхаваць маленькага чалавека, прывіць яму любоў да жыцця, да працы, навучыць шанаваць працу, сям'ю. У Хвінявіцкай школе я працавала 19 гадоў. Для паспяховага навучання неабходна было стварыць моцную базу, таму што, школа — новая. Кабінет пачатковых класаў, створаны мною, быў адным з лепшых у раёне. Калегі з іншых школ часта адзначалі: «у вас тут цэлая педагагічная скарбонка». У кабінеце было сабрана шмат дыдактычнага і ілюстрацыйнага матэрыялу, звыш 400 перфакарт, каля 150 табліц для вуснага ліку і каля 100 папак з індывідуальнымі заданнямі, мноства «кніжак-малышак», зробленых самімі навучэнцамі, карткі з сюжэтнымі малюнкамі і заданнямі на іх. Усё цяжка пералічыць. Яшчэ адна ўмова ў маёй працы было абавязковай — кожны ўрок павінен быць глыбока прадуманым, методыку і структуру яго неабходна пастаянна удасканальваць. Я ні адзін урок, ні адно мерапрыемства не паўтарала, хоць многія з іх былі добрымі. Сакрэт майго педагагічнага майстэрства — пастаяннае імкненне працаваць творча, ініцыятыўна, шукаць новыя шляхі да сэрца дзяцей. Важнай задачай лічу прывіццё дзецям з першых дзён знаходжання ў школе любові да кнігі, цікавасці да чытання. Даведнікам для мяне было выказванне У.А. Сухамлінскага: «адзін з сур'ёзных недахопаў працэсу навучання заключаецца ў тым, што ў дзяцей не выпрацоўваецца найважнейшыя ўменні – такія, як уменне працаваць з кнігай, уменне самастойна авалодваць ведамі». З мэтай прывіцця цікавасці да аднаго з цяжкіх прадметаў —матэматыкі — я на працягу многіх гадоў, пачынаючы з першага класа, вяла матэматычны гурток. Заняткі — гэта своеасаблівыя казачныя гульні, заданні для рабят прыносіў іх любімы герой Бураціна. Віды работ гуртка самыя розныя: гульні, галаваломкі, рэбусы, шарады, настольныя гульні, складанне задач, ілюстраваны вусны лік, паведамленні пра вялікіх матэматыках. Вынікам былі адкрытыя заняткі гуртка: ранішнікі, клубы вясёлых і знаходлівых. Шмат часу я аддавала папаўненню і пераабсталяванню кабінета працоўнага навучання. Усё неабходнае для кожнага з раздзелаў праграмы было размешчана ў асаблівай секцыі. Тут і кароткая інфармацыя пра ролю і прызначэнні дадзенай працы, усё неабходнае абсталяванне, матэрыял, інструменты і дзіцячыя працы. Дадаткам да ўрокаў працоўнага навучання была гуртковая праца, праца з прыродным матэрыялам. Мы разам з навучэнцамі стваралі сапраўдныя карціны «Мір і сяброўства», казка «Ліса і журавель», «40 гадоў Вялікай Перамогі» і іншыя. Многія работы былі на абласной выставе, многія засталіся і былі выстаўлены ў школе. Я жыла школай і жыву ёю. Я ўдзячная лёсу, што многія мае вучні памятаюць пра мяне, прыязджаюць на кубак гарачай гарбаты, дзеляцца сваімі жыццёвымі праблемамі».
« …Працоўную дзейнасць пачала ў 1958-1959 навучальным годзе ў Жыбартаўскай сярэдняй школе. Цяжкасці былі ў працы. Не хапала вопыту, не было ніякіх метадычных дапаможнікаў. Але пры старанні ўсё прыходзіла з часам. За 1-2 гадзіны на тыдзень навучыць вучняў гаварыць на замежнай мове было немагчыма. Сярод вучняў былі такія, якія цікавіліся і ахвотна працавалі дадаткова. У 1976 годзе я перайшла працаваць у Хвінявіцкую школу. Па жаданні навучэнцаў мы арганізавалі гурток замежнай мовы, праводзілі вечары, арганізавалі перапіску з навучэнцамі з ГДР, Балгарыі. З групай навучэнцаў мы размаўлялі толькі на нямецкай мове, працавалі дадаткова пасля ўрокаў. Вынік быў. Пяцёра вучняў атрымалі прафесію настаўніка замежнай мовы. Гэта Стракоўская Галіна, Гоман Людміла, Конан Алена, Дубовік Зінаіда, Грэбень Вольга».
«…З дзяцінства я марыла стаць настаўніцай, і ў гэтым мне паспрыяла мая першая настаўніца Ражко Галіна Феліксаўна, якая вучыла мяне ў Гярбелевіцкай пачатковай школе. Мая мара пачала ажыццяўляцца тады, калі я скончыла Яварскую сямігодку і паступіла вучыцца ў Бераставіцкае педвучылішча. Пасля заканчэння вучобы ў 1965 годзе па размеркаванню я была накіравана працаваць настаўніцай пачатковых класаў у Малавольскую сямігодку. У гэтым жа годзе я стала студэнткай – завочніцай Магілёўскага педінстытута імя А.Куляшова. Вёска Малая Воля размешчана на беразе Шчары, дзе надзвычай прыгожыя краявіды роднай зямлі. Мне адразу спадабалася школа, людзі, вучні. Працаваць трэба было шмат, таму што мне адразу даручылі вучыць дзяцей у чатырох класаў. Зранку прыходзілі вучні 1-3 класаў, на трэцім уроку да нас далучаліся вучні 2-4 класаў, пасля чацвёртага ўрока 1-3 класы ішлі дадому, а я яшчэ два ўрокі працавала са школьнікамі 2-4 класаў. І так кожны дзень мне прыходзілася праводзіць па шэсць урокаў. Канешне, было цяжко, але маладосць, жаданне працаваць, імкненне дайсці да кожнага вучня перамагалі. На мяне глядзелі дзіцячыя вочкі, яны сачылі за кожным маім рухам, лавілі кожнае слова, дзеці імкнуліся да ведаў, яны любілі чытаць, маляваць, іх усё цікавіла. Навучанне ў той час вялося ў асноўным на славеснай аснове: настаўнік – падручнік – вучань – дошка. Ніякіх дапаможнікаў, дыдактычных матэрыялаў, дадатковай літаратуры не было, па-гэтаму настаўніку патрэбна было самаму рыхтаваць усё неабходнае для урокаў. Гэта выклікала асаблівыя цяжкасці ў рабоце. Але гэта не палохала мяне, бо вучні, іх бацькі былі вельмі ўдзячны кожнаму настаўніку за працу, бясконца паважалі іх. У 1971 годзе пачала працаваць у Хвінявіцкай школе, на радзіме мужа. Мяне прызначылі выкладаць беларускую мову і літаратуру, бо я ўжо была на 5 курсе філалагічнага факультэта Гродзенскага педінстытута (у 1972 годзе я закончыла педінстытут). Вучыліся ў старым памяшканні школы, працавалі ў дзве змены. У 1974 годзе нам пабудавалі новую школу. Усе мы: і настаўнікі, і вучні — былі вельмі рады такому падарунку. Патрэбна было азеляняць тэрыторыю школы, афармляць прадметныя кабінеты. Усё гэта рабілі настаўнікі і вучні. Я пачала афармляць кабінет беларускай мовы і літаратуры. Матэрыялу асабліва не было, збірала ўсё ў кабінеце па крупіцы, ва ўсім мне дапамагалі вучні майго класа, дзе я была класным кіраўніком. Навучанне і выхаванне вучняў Хвінявіцкай школе вялося ў асноўным на працоўных і патрыятычных традыцыях. Вучні працавалі на палях роднага саўгаса, сустракаліся з ветэранамі вайны і працы, з людзьмі розных прафесій, ездзілі на экскурсіі ў розныя гарады Беларусі, наведвалі памятныя мясціны Савецкага Саюза. Назаўсёды застанецца ў маёй памяці экскурсія ў г.Ульянаўск, куды я ездзіла з вучнямі нашай школы. Мы пабывалі на радзіме У.І.Леніна, наведалі музей, пабачылі яго асабістыя рэчы, пакой, у якім ён жыў. Цэлы дзень каталіся на вялікім цеплаходзе па рацэ Волзе, пабывалі на аўтамабільным і авіяцыйным заводах. Там такія прыгожыя краявіды, што сціскаецца сэрца, перахватвае дух. Па дарозе дадому ў г.Маскве наведалі Маўзалей Леніна. Усе былі задаволены гэтай паездкай. Такіх экскурсій, цікавых сустрэч, розных мерапрыемстваў было вельмі шмат за 31 год маёй працоўнай дзейнасці ў Хвінявіцкай сярэдняй школе. Можна было пісаць яшчэ шмат аб гэтым, але ўсё не ўспомніш, ўсё не апішаш. Падводзячы вынікі сваей работы, хачу сказаць, што пры выкладанні свайго прадмета асвойвала розныя метады навучання і выхавання, вяла пазакласную работу па прадмеце, некалькі гадоў была кіраўніком драмкружка. На працягу ўсяго перыяду работы была загадчыкам кабінета беларускай мовы і літаратуры, і мой кабінет знаходзіўся ў ліку лепшых кабінетаў раёна. Пастаянна папаўняла свой метадычны ўзровень па прадмеце, восем гадоў была кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Шмат гадоў працавала класным кіраўніком, чатыры выпускі вучняў нашай школы – мае. Хачу сказаць, што я не памылілася ў выбары сваёй прафесіі. Многія вучні пайшлі па маім шляху. Гэта Макуца Таісія, Анісенка Галіна, Жалязоўская Галіна, Шэўка Іна. Яны сталі настаўнікамі-філолагамі. Мы з мужам падрыхтавалі сабе замену: нашы дочкі сталі настаўніцамі. Старэйшая выкладае матэматыку, а малодшая дочка стала філолагам. Я гэтым ганаруся, што яны прадаўжаць маю справу, і лічу сябе шчаслівым чалавекам”.
...М. Горкі сцвярджаў: «самая выдатная пасада на зямлі – быць чалавекам». А самая выдатная прафесія, на мой погляд, быць настаўнікам, таму што менавіта ён вядзе ў свет ведаў, вучыць быць на зямлі чалавекам. Мая педагагічная дзейнасць пачалася ў далёкія 60-ыя. Маленькая вёсачка на беразе ракі Нёман Рымкі Жалудоцкага раёна і пачатковая школа, 4 класы і адзін настаўнік. Аловак і сшытак для вучня – самы дарагі падарунак. У тыя гады прафесія настаўніка была самай ганаровай, у вёсцы менавіта ён быў самым пісьменным, самым культурным, карыстаўся асаблівай павагай. А дзеці радаваліся кожнаму ўроку, хоць не заўсёды ўсё атрымлівалася. Потым праца ў сярэдняй школе, у Жалудоцкім райкаме камсамола, вучоба ў Маскоўскай Цэнтральнай камсамольскай школе, праца ў гаркаме камсамола ў г. Гродна. Самыя загадкавыя, цікавыя людзі — гэта дзеці. І мне заўсёды хацелася быць настаўнікам, «сеяць разумнае, добрае, вечнае». З 1963 года я ўжо не расставалася са школай. Атрымала вышэйшую адукацыю, стала настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Лёс распарадзіўся так, што вялікай рускай мове вучыла малдаван, потым беларускіх дзяцей на радзіме. З 1970 года працавала ў Дзятлаўскім раёне, а з 1975 – у Хвінявіцкай сярэдняй школе. Розныя калектывы, розныя традыцыі, выдатныя, ад Бога, настаўнікі. Усё гэта давала магчымасць і мне адточваць сваё майстэрства. 18 гадоў узначальвала Хвінявіцкую сярэднюю школу. За гэты час удалося стварыць выдатны педагагічны калектыў, аднадумцаў, людзей творчых, сапраўдных настаўнікаў. Гэта Шавель Л. М. і Шавель У. А., Каско В. Л., Улога Е. Р., Каменскі А. Я. і Каменская Т. І., Жамойдзік Л. М., Ківуля Н. П., Пратацкі У. К., Сцяцко І. М. і Сцяцко Л. М., Трубчанкава І. С. Гэта была дружная сям'я, у якую прыходзіла моладзь і заставалася. Школа заўсёды была ў ліку першых, бо ўсё новае нам хацелася спасцігнуць і ажыццявіць у жыццё. Мы вучыліся і вучылі іншых. Гэтаму спрыялі творчыя сустрэчы з педкалектывамі іншых школ: Жукоўшчынскай, Лявонавіцкай школ, Мінойтаўскай школы Лідскага раёна, Валеўскай школай Навагрудскага раёна. Асновай выхавання была праца, умелае спалучэнне разумовай і фізічнай працы. Вытворчая брыгада Хвінявіцкай СШ, была лепшай у вобласці. Вучні праводзілі досведы па вырошчванні новых гатункаў бульбы, гатункаў жыта пад кіраўніцтвам навукоўцаў. У летні час працавалі на ўборцы ўраджаю. Пра працу вытворчай брыгады быў зняты фільм. На базе школы праводзілі рэспубліканскія семінары па арганізацыі харчавання, таму што за сваю працу хлопцы атрымалі бясплатнае харчаванне за кошт калгаса, рэспубліканскі семінар піянерскіх важатых, бо піянеры школы адрозніваліся сваёй ініцыятывай, добрымі справамі, абласныя семінары па арганізацыі працоўнага выхавання, арганізацыі навучальнай працы. Настаўнікі і вучні школы ўмелі і працаваць, і адпачываць. На экскурсіі ў розныя куткі былога СССР ездзілі і навучэнцы, і настаўнікі. Агульнашкольныя мерапрыемствы — гэта КТС (калектыўныя творчыя справы): агляд атрадаў па месцы жыхарства, сустрэчы з людзьмі розных прафесій, конкурсы «А ну-ка, дзяўчынкі», «А ну-ка хлопчыкі», «Алё, мы шукаем таленты» і інш. Падобныя конкурсы былі і сярод настаўнікаў. Настаўнікі актыўна ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці калгаса, выступалі на раённай і абласной сцэне. Разам сустракалі Новы год, 8-га Сакавіка, выязджалі на прыроду, праводзілі спартыўныя спаборніцтвы. Ініцыятарам калектыўнага адпачынку была старшыня прафсаюзнага камітэта, якая пасля стала дырэктарам школы Далгач Марыя Антонаўна. А ўрокі рускай мовы і літаратуры для мяне – гэта сцяжынкі ў душы чалавечыя. Я люблю сваю прафесію, люблю дзяцей: уважлівых і не вельмі сур'ёзных, і гарэзных, руплівых і не вельмі, галоўнае – яны дзеці, яны вучні. Знайсці да кожнага сэрца сцяжынку, каб чулая душа адгукнулася на дабро, прыгажосць, каханне, — што можа быць выдатней! Гэта велізарнае шчасце — кожны дзень зноў і зноў сустракацца з любімымі героямі, апускацца ў свет чалавечых пакут і радасцяў, вырашаць складаныя жыццёвыя праблемы. Хочацца сказаць маладым: «не бойцеся настаўніцкай працы. Шлях настаўніка цярністы, але выдатны!».
«Пасля заканчэння ГДУ ім. Я. Купалы ў 1979 годзе, па шчаслівай выпадковасці, дырэктар Хвінявіцкай сярэдняй школы Улога Аляксандр Трыфанавіч, запрасіў мяне працаваць настаўнікам фізікі. На той час у школе навучалася 365 навучэнцаў, а максімальная напаўняльнасць – 392 вучня. Былі паралельныя класы. З задавальненнем вяла класнае кіраўніцтва ў 9 класе. Побач са мной працавала шмат маіх былых настаўнікаў, у якіх вучылася педагагічнаму майстэрству. Гэта Каско Вольга Лявонцьеўна, настаўнік нямецкай мовы, Шавель Любоў Міхайлаўна, настаўнік хіміі і біялогіі. Педагагічны стаж - 38 гадоў. З іх - 19 гадоў кіраўнік, дырэктар. Назаўсёды ў памяці засталіся самыя цёплыя ўспаміны пра вучняў, педагогаў і работнікаў школы. Дзякуючы згуртаванасці настаўнікаў, школа на працягу ўсіх гадоў, была лепшай у раёне.
Праца па стварэнню летапісу не скончана, таму што ў школу прыходзяць новыя вучні, новыя настаўнікі. Агульнымі намаганнямі школа становіцца ўсё прыгажэйшай. Сабраны матэрыял сведчыць аб тым, што Хвінявіцкая сярэдняя школа адыграла вялікую ролю ў гісторыі развіцця адукацыі Дзятлаўскага раёна: традыцыі школы працягваюцца, яна па-ранейшаму ў ліку лепшых. Выхаванне любові да Радзімы пачынаецца з малога: з любові да сваёй сям'і, свайго дома, сваёй школы, і таму кожны школьнік проста абавязаны ведаць гісторыю сваёй школы. Школа сёння — гэта разумныя, таленавітыя, творчыя педагогі! Школа сёння — гэта працавітыя, дружныя, дапытлівыя вучні! Школа сёння — гэта наш вялікі і цёплы дом!
Аграном — гэта прафесія ці прызванне? Залеўскі Вацлаў Браніслававіч меў за плячыма больш за 50 гадоў агранамічнага стажу. Вацлаў нарадзіўся 23 студзеня 1948 года. Сваю працоўную дзейнасць пачаў у калгасе “Чырвоны Кастрычнік” паляводам. Пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта працаваў аграномам у калгасе “Расія”.
З 12.08.1982 года быў прызначаны дырэктарам саўгаса “Парэчча”, дзе і прапрацаваў да 01.02.1996 года. Усё жыццё эксперыментаваў. Будучы старшынёй, — на калгасных палях, а потым – на сваіх 16 сотках. І ва ўсіх пачынаннях яму дапамагала жонка Данута Мікалаеўна.
Вацлаў Браніслававіч не праходзіў бліз ўпадабанай парады, абавязкова апрабоўваў яе на ўчастку. Як спецыяліст ён выдатна разумеў, што глеба не апошняе звяно ў атрыманні ўраджаю. А яшчэ вельмі важная тэхналогія. Што толькі не даследаваў! Разам з навукоўцам Інстытута земляробства выграваў у вадзе насенне ячменю, каб павысіць не толькі іх устойлівасць да хвароб, але і ўраджайнасць. Ведаў, як правесці яравізацыя бульбы за двое сутак: за 48 гадзін парасткі адрасталі на 5 мм. З трох магнітаў са старэнькіх дынамікаў і пластыкавага вядра збудаваў магнітную ўстаноўку. Актыўна выкарыстоўваў крамянёвую ваду. І многае-многае іншае... Часта прызнаваўся: “Агарод — гэта мая аддушына. Куды ж аграному без зямлі? Прачынаюся ў 5 раніцы і абыходжу свае палеткі. Да сняданку паспяваю прабегчыся па градах з рыхлільнікам: і пустазелля няма, і вільгаць захавана”. Адным словам, вопыту не займаць. Для яго было справай гонару атрымаць як мага большы ўраджай з меншымі затратамі. Ён заўсёды ахвотна дзяліўся сваімі напрацоўкамі. Надвор’е часта кідала выклік аграному. І ён заўсёды спраўляўся!
У чым сіла раслін? У імунітэце! Вось на яго-та і рабіў стаўку Вацлаў Браніслававіч, практычна адмовіўшыся ад пестыцыдаў. Толькі на чыстай глебе можна вырасціць чыстую прадукцыю. А гэта самае галоўнае ва ўраджаі. Нездарма ж кажуць, што хімія – цывілізацыя смерці.
Вацлаў Браніслававіч – быў фанатам бульбы. Такі бульбяны запал зарадзіўся яшчэ ў тыя далёкія савецкія гады, калі сябраваў з вядомым беларускім селекцыянерам Пятром Альсмікам. Яго новыя гатункі абавязкова праходзілі выпрабаванні і ў Хвіневічах. Быў адным з трох беларусаў, якія прадстаўлялі нашу краіну на ўсесаюзнай нарадзе бульбаводаў, запрашалі ў аспірантуру... і ўвесь час дакаралі за тое, што цягне з пасадкай бульбы, а потым ушаноўвалі за рэкордныя ўраджаі.
Бульбай Вацлаў Браніслававіч пачаў займацца з 1970 года, патрапіўшы пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута па размеркаванні ў калгас “Расія” Дзятлаўскага раёна. Пасля сакавіцкага пленума 1965 года ў сельскай гаспадарцы ішло рэфармаванне, пачынаўся новы этап аграрнай палітыкі. Пайшлі ўгнаенні, тэхніка... А да гэтага былі толькі барана і добрае ўзворванне, і ніякіх фунгіцыдаў. Адным словам, працаваць стала нашмат лягчэй. Сваім вопытам з пачынаючым аграномам дзяліліся такія свяцілы навукі, як акадэмік П.І.Альсмік, заслужаны аграном БССР В.С.Пакроўская, селекцыянер І.І.Калядка, вучоны-бульбавод З.А.Дзмітрыева, дырэктар навукова-даследчага інстытута глебазнаўства і аграхіміі Т.М. Кулакоўская.
У 1976 годзе Вацлаў Браніслававіч быў дэлегаваны на ўсесаюзную нараду бульбаводаў. З калегамі ён ужо мог размаўляць на роўных. Усё жыццё, з малых гадоў, пражыў у сельскай мясцовасці. У дзеда і бацькі рупліва пераймаў мудрасць сялянскай працы, навучыўся беражлівым адносінам да зямлі-карміцелькі. І не важна, дзе даводзілася працаваць – на асабістым прысядзібным ўчастку або на калгасным полі, – Вацлава Браніслававіча заўсёды цікавіў канчатковы вынік.
Багатая хвінявіцкая зямля на добрых, спагадлівых і адданых працы людзей. Адны тут нарадзіліся, а другіх прывёў лёс. Заўсёды замірае сэрца, калі сустракаеш таленавітага, шчырага чалавека, з адкрытай душой, ясным позіркам. Еўдакія Рыгораўна Улога цудоўная жанчына, якая нарадзілася на Магілёўшчыне ў вёсцы Охар Чэрыкаўскага раёна. З дзяцінства была працалюбівай, адказнай, мела дапытлівы розум і вельмі любіла чытаць кнігі. Яшчэ ў дзіцячым узросце ў яе з’явілася мара – атрымаць прафесію настаўніка і прысвяціць сваё самай ганаровай і патрэбнай прафесіі на зямлі. Пасля заканчэння школы яна паступіла ў Крэчаўскае педагагічнае вучылішча і вырашыла стаць настаўніцай пачатковых класаў. На Дзятлаўшчыну Еўдакія Рыгораўна прыехала працаваць маладым спецыялістам у 1947 годзе. Працоўны дэбют адбыўся ў Алёхнавіцкай пачатковай школе. Затым працавала загадчыцай Баравіцкай пачатковай школе, настаўніцай пачатковых класаў у Норцавіцкай сямігодцы, сярэдняй школе № 1 Дзятлава, Нагародавіцкай сямігодцы, Жыбартоўскай сярэдняй школе. Тут яна сустрэла свайго будучага мужа Аляксандра Трыфанавіча Улогу, стала маці. І заўсёды імкнулася быць лідарам, адказна падыходзіла да даручанай справы. Калі Жыбартоўская сярэдняя школа была закрыта, Еўдакія Рыгораўна перайшла працаваць у Хвінявіцкую сярэднюю школу, у якой і працавала да выхаду на заслужаны адпачынак. Стаж работы настаўніцы пачатковых класаў склаў 44 гады. Плённай была яе працоўная дзейнасць, аб чым сведчаць заслужаныя ўзнагароды: ганаровыя граматы, падзячныя лісты, медалі “Выдатнік народнай адукацыі”, “Ветэран працы”. Настаўнік славіцца сваімі вучнямі, а ў Еўдакіі Рыгораўны іх нямала. Яны яе гордасць і надзея. Еўдакія Рыгораўна – гэта творчы, ініцыятыўны настаўнік - наватар. Падчас работы яна мела высокі ўзровень тэарытычнай і метадычнай падрыхтоўкі. Яе ўрокі выдзяляліся разнастайнасцю па форме і змесце, адрозніваліся высокай прадукцыйнасцю. Настаўніца заўсёды знаходзілася ў пошуку, каб вучэбны матэрыял быў даступны і цікавы для ўсіх дзяцей. Еўдакія Рыгораўна на працягу многіх гадоў з’яўлялася кіраўніком гуртка “Умелыя рукі”. Яе работы дэманстраваліся на выставах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Ніколі не была раўнадушна да таго, што адбываецца ў грамадстве, ў краіне. У свае 98 год яна з’яўляецца актыўным наведвальнікам бібліятэкі. Любіць чытаць газеты і часопісы, мастацкую і навукова – папулярную літаратуру. Гэтая ўнікальная жанчына валодае фенаменальнай памяццю і творчай натурай. Яна сама піша вершы і з задавальненнем чытае іх перад аўдыторыяй. Робіць гэта з асаблівай цеплынёй, бо ўсё, што пакладзена ў аснову твора, перажыта ёй асабіста. Хіба гэта не шчасце сустрэць такога чалавека ў сваім жыцці, вучыцца ў яго быць прафісіяналам у сваёй працы, жыццёвай мудрасці.
Мікалай Аляксандравіч нарадзіўся 10 кастрычніка 1918 года ў вёсцы Накрышкі Дзятлаўскага раёна. З 10.09.1944 года ў радах Чырвонай Арміі. Ваяваў на западна-беларускім фронце — стралком. Удзельнічаў у штурме Кёнігсберга, за што яму загадам маршала Савецкага Саюза таварыша Сталіна аб’яўлена падзяка. Дэмабілізаваўся ў лістападзе 1945 года. Часта хварэў. Сказаліся гады вайны: надарванае здароўе ў сырых акопах, у балотах пад Франкфуртам. Мікалай Аляксандравіч быў самым звычайным чалавекам, які аддаў часціцу сябе дзеля важнай справы – вызвалення сваёй Радзімы. За адвагу, стойкасць і мужнасць, праяўленую ў барацьбе з нямецка–фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне ўзнагароджаны ордэнам “Чырвонай Зоркі”, ордэнам Славы III ступені за фарсіраванне Одэра і штурм Франкфурта, а таксама юбілейнымі значкамі, лістамі і медалямі.
Нарадзіўся 1 ліпеня 1915 года ў вёсцы Хвінявічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Бацькі працавалі ў калгасе. Выхоўвалі васьмярых дзяцей. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было дваццаць шэсць гадоў. Ён, як і ўсе мужчыны нашай краіны, адправіўся на фронт і служыў радавым чырвонаармейцам. За выдатныя баявыя дзеянні пры прарыве моцнай абароны немцаў на Заходнім беразе Віслы, на поўдзень ад Варшавы, і авалоданні апорным пунктам абароны немцаў Варка, Рруіец, Казініц, Салец, Зволень, Белабжэг, Ілба, а таксама за выдатныя баявыя дзеянні пры авалоданні вялікім прамысловым цэнтрам Польшчы горадам Радам – важным вузлом каммунікацый і моцным апорным пунктам абароны немцаў, загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза таварыша Сталіна ад 14 студзеня 1945 года была аб'яўлена падзяка. Прайшоў усю вайну, перамогу сустрэў у Германіі. Дэмабілізаваўся і вярнуўся ў родную вёску. Узнагароджаны ордэнам “Айчыннай вайны”, двума ордэнамі “Чырвонай Зоркі”, юбілейнымі медалямі.
Вахонін Мікалай Рыгоравіч нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Малая Уладзіміраўка, Бешкарагаеўскага раёна Паўладарскай вобласці ў сям’і селяніна. У маі 1941 года быў прызваны ў армію. Служыў недалёка ад Беластока. Падчас адступлення ў вёсцы Каменка Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, быў паранены, лячыўся ў мясцовага насельніцтва. У сакавіку 1942 года ў партызанскай групе, створанай з вайскоўцаў і мясцовых жыхароў правёў некалькі баявых аперацый у Шчучынскім раёне. Быў камандзірам партызанскага атрада “Арлянскі”. З утварэннем Ленінскай партызанскай брыгады атрад стаў называцца “Барацьба”. У адным з баёў быў паранены, пасля выздараўлення Мікалай Рыгоравіч намеснік камандзіра атрада па разведцы. На яго рахунку нямала баявых подзвігаў, дзесяткі пушчаных пад адкос нямецкіх эшалонаў, спаленых машын, складоў з боепрыпасамі. Пасля вайны ажаніўся з дзяўчынай з вёскі Хвінявічы і з сакавіка 1947 года працаваў загадчыкам гаспадаркі пры Парэцкім спіртзаводзе. У 1958 годзе захварэў і 17 лістапада пасля аперацыі памёр. Пахаваны на Хвінявіцкіх могілках. Узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені.
Нарадзіўся ў 1915 годзе Бурата-Мангольская АССР, Кабанскі раён. Прызваны на вайсковую службу 10.08.1941 года Кубанскім РВК. Быў прызначаны камандзірам гарматы 275 стралковага палка 117 стралковай дывізіі. Узнагароджаны двума медалямі “За адвагу”, ордэнам Славы III ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі. Пасля вайны пражываў у Дзятлаўскім раёне, в.Хвіневічы. Памёр у 1947 годзе.
Павел Кузьміч нарадзіўся ў 1914 годзе ў в. М. Бобрык Лебядзінскі раён УССР. У 1938 быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служба праходзіла ў Беларусі. З канца ліпеня 1944 года пачалося аднаўленне Парэцкага лікёра-гарэлачнага завода. Пункт № 2 загад № 1 сведчыў, што “з 26 жніўня 1944 года Павел Кузьміч Камчатны прыступіў да выканання абавязкаў дырэктара Парэцкага завода”. Сумесна з невялікай групай партызан і жыхарамі вёскі Парэчча ва ўмовах поўнай разрухі і пастаянных сутыкненняў з бандамі здраднікаў і нацыяналістаў, у 1944 годзе датэрмінова аднавілі Парэцкі спіртзавод і выдалі для фронту першую прадукцыю. З 1948 года член КПСС. У 1953 годзе загадам міністра харчовай прамысловасці БССР быў пераведзены на больш буйное прадпрыемства – Дземяхоўскі спіртзавод. Узнагароджаны трыма медалямі “Партызану Айчыннай вайны”, ”За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, ”За адвагу”.
Васіль Васільевіч нарадзіўся 29 ліпеня 1920 года ў в.Хвінявічы, Дзятлаўскага раёна. З 1943 года па 12 ліпеня 1944 года быў сувязным Ленінскай партызанскай брыгады атрада “Барацьба”. Затым мабілізаваны на фронт. Прымаў удзел у вызваленні Усходняй Прусіі. Узнагароджаны: ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “За адвагу”, медалём “За ўзяцце Кенінсберга”, медалём “За перамогу над Германіяй”, медалём “Жукава”, юбілейнымі медалямі.
Нарадзіўся ў 1919 годзе на Дзятлаўшчыне. На вайсковую службу паступіў 29 ліпеня 1944 года і знаходзіўся ў вайсковай частцы да 15 чэрвеня 1945 года. З’яўляўся стралком стралковай роты 215 гвардзейскага стралковага Чырванасцяжнага палка (77 гвардзейская стралковая дывізія). Воінскае званне гвардыі-чырвонаармеец, радавы. За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне ўзнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені (Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24.03.1945 года), медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.”. У баі пры прарыве абароны праціўніка на Заходнім беразе Віслы таварыш Канюшкевіч праявіў баявое ўменне і асабістую адвагу. 14 студзеня 1945 года, дзейнічаючы ў складзе стралковага ўзвода, ён смела і рашуча рынуўся на штурм варожых умацаванняў. Уварваўшыся ў ліку першых у траншэю праціўніка, ён агнём з вінтоўкі расстрэльваў гітлераўцаў, асабістай адвагай садзейнічаючы поспеху агульнай справы. У пасляваенныя гады Міхаіл Захаравіч ўзнагароджваўся юбілейнымі медалямі, у азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна, “50 гадоў Узброеных Сіл ССС”. Жыў і працаваў на Дзятлаўскай зямлі ў вёсцы Хвінявічы.
Іван Юстынавіч нарадзіўся 1 лютага 1914 года ў вёсцы Хвінявічы Дзятлаўскага раёна Баранавіцкай вобласці. На ваенную службу быў прызваны 13 сакавіка 1944 года. Агонь, свіст куль, стогны параненых – усе гэтыя эпізоды назаўсёды засталіся ў памяці Івана Юстынавіча. Ваенныя дарогі пралягалі праз Польшчу і Усходнюю Прусію. Наперадзе былі жорсткія баі за Франкфурт. Быў паранены. Перамогу сустрэў у Германіі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў вёску Хвінявічы, працаваў у калгасе “Парэчча” паляводам. Узнагароджаны ордэнам “Чырвонай Зоркі”, ордэнам Славы III ступені за фарсіраванне Одэра і штурм Франкфурта, медалём “За вызваленне Варшавы”, медалём “За ўзяцце Берліна”, медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.”, юбілейнымі медалямі, медалём “50 гадоў Узброеных Сіл СССР”, медалём “60 гадоў Узброеных Сіл СССР”.
Ян Леанардавіч нарадзіўся 13 верасня 1920 года ў вёсцы Рэчкі, Жалудокскага раёна. У 1940 годзе служыў сувязным у разведвальнай, дыверсійнай групе ў Маскве, якую ў 1943 годзе закінулі з Масквы на тэрыторыю Беларусі, а пасля прыходу Чырвонай Арміі запісаўся добраахвотнікам у Чырвоную Армію, але праз два тыдні яму сказалі напісаць рапарт аб пераводзе ў Польскую армію, так усю Вялікую Айчынную вайну ён там і ваяваў. Ваяваў у пяхоце. Перамогу сустрэў у Варшаве. Дэмабілізаваўся ў лістападзе 1945 года. Пасля вайны застаўся жыць у вёсцы Хвінявічы.
Нарадзіўся Георгій Афанасьевіч 13 жніўня 1927 года ў вёсцы Накрышкі Дзятлаўскага раёна ў сям’і служачых. Бацька, Рамашэўскі Афанасій Аляксандравіч, працаваў дырэктарам Накрышской сямігадовай школы. Маці, Рамашэўская Паліна Іванаўна, была хатняй гаспадыняй. Пачатковую і базавую адукацыю Георгій Афанасьевіч атрымаў у Накрышской сямігадовай школе, сярэднюю – у Дзятлаўскай сярэдняй школе. Пасля заканчэння школы працаваў настаўнікам пачатковых класаў. У 1944 годзе ва ўзросце 17-18 гадоў Георгій Афанасьевіч быў прызваны на службу ў арміі. Служба праходзіла ў адным з падмаскоўных гарадоў. Там ён служыў пісарам пры штабе арміі. У гэтым жа годзе вайсковая часць, у якой служыў Георгій Афанасьевіч, была адпраўлена ў Германію. Перамогу ён сустрэў у Берліне. У 1946 годзе Георгій Афанасьевіч быў дэмабілізаваны. Вярнуўшыся на радзіму, ён быў прыняты на работу ў Накрышкую сямігадовую школу ў якасці настаўніка матэматыкі. Узнагароджаны: баявым медалём “За перамогу над Германіяй”, юбілейнымі медалямі, віншавальныя ўрадавыя лісты і паштоўкі.
Аляксандр Якаўлевіч нарадзіўся 11 чэрвеня 1911 года ў вёсцы Хвінявічы Дзятлаўскага раёна Баранавіцкай вобласці ў сялянскай сям’і, беларус па нацыянальнасці. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна быў прызваны ў ваенкамат і накіраваны на фронт. Аляксандр Якаўлевіч прайшоў доўгі шлях дарогамі вайны. За выдатныя баявыя дзеянні на Заходнім беразе Віслы, на поўдзень ад Варшавы, і авалоданні апорнымі пунктамі абароны немцаў Варка, Казініц, Салец, Зволень, Белабжэгі, Ілба загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза таварыша Сталіна ад 14 студзеня 1945 года была аб’яўлена падзяка. Перамогу сустрэў у Германіі. Але дадому трапіў толькі праз месяц. Вярнуўшыся ў родныя мясціны ажаніўся і працягнуў працаваць у калгасе. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, ордэнам Славы II ступені, ордэнам Славы III ступені за фарсіраванне Одэра і штурм Франкфурта, юбілейнымі медалямі.
Мацвей Рыгоравіч нарадзіўся 10 лістапада 1914 года ў вёсцы Хвінявічы Дзятлаўскага раёна, Баранавіцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1928 годзе скончыў 3 класы пачатковай школы. У 1938 годзе служыў у польскім войску, кавалерыстам. У 1941 годзе, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, жыццё стала вельмі цяжкім. Акупанты сталі гвалтоўна вывозіць людзей у Германію, павезлі і Мацвея Рыгоравіча. Яму ўдалося збегчы і пешшу прайсці ўсю Польшчу, хавацца, вярнуўшыся дадому ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Наперадзе былі жорсткія баі. Падчас аднаго з нападаў Мацвей Рыгоравіч атрымаў сур’ёзнае раненне і быў адпраўлены на лячэнне ў шпіталь. Перамогу ён сустрэў у Германіі. У гады Вялікай Айчыннай вайны служыў мінамётчыкам у 221-м гвардзейскім стралковым палку. Узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені за фарсіраванне ракі Одэр і штурм Франкфурта, ордэнам Айчыннай вайны І ступені, юбілейнымі медалямі.
Пётр Пракопавіч нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Хвінявічы. У 1937 годзе ён з’ехаў у горад Шахты Растоўская вобласць, каб працаваць там шахцёрам. Там яго і застала вайна. Пётр Пракопавіч быў прызваны на фронт, дзе стаў кулямётчыкам. Усю вайну прайшоў цэлым, але 26 красавіка 1945 года яго параніла. Пётр Пракопавіч успамінае, што яго вайсковая часць стаяла ў горадзе Браслаў. На ўскраіне горада былі вялікія могілкі. Некалькі салдат адправілі ў разведку, але яны не вярнуліся. Потым яшчэ адправілі ў разведку некалькіх разведчыкаў, але і гэтыя не вярнуліся. Неўзабаве высветлілася, што ад могілак да двухпавярховага дома быў зроблены падземны ход, і ў ім знаходзіліся ўзброеныя фашысты. Завязаўся бой. У сярэдзіне бою Пётр Пракопавіч быў паранены ў нагу. Дзень Перамогі ён сустрэў у шпіталі. Лекары хацелі ампутаваць яму нагу, але ён адмовіўся. Са шпіталя Пётр Пракопавіч вярнуўся 1946 годзе. Усё астатняе сваё жыццё ён хадзіў з кійком і асколкам у назе. Узнагароджаны медалямі “За адвагу” і “За ўзяцце Кёнігсберга”. Памёр у 1991 годзе.
Дзяніс Пятровіч нарадзіўся 27 снежня 1925 года ў вёсцы Свержань Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Калі пачалася, Вялікая Айчынная вайна яму ішоў шаснаццаты год. Часта ўспамінаў, як цяжка жылося на акупаванай фашыстамі тэрыторыі, распавядаў пра зверствы фашыстаў. Каб пазбегнуць вывазу ў Германію, прыйшлося хавацца ў сваякоў у іншай вёсцы і ў лесе. Пасля вызвалення ў лютым 1944 года Рагачоўскага раёна ад фашыстаў, прызвалі ў Чырвоную Армію. Ён ваяваў у складзе аднаго з падраздзяленняў 3-га Беларускага фронту. У кастрычніку таго ж года быў цяжка паранены ў баі за горад Кёнігсберг. Доўгі час ён знаходзіўся ў шпіталі, а вясной 1945 года быў камісаваны з войска па раненні. На ўсё жыццё ў яго застаўся асколак каля сэрца, бо ў той час такія складаныя аперацыі не рабілі. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, медалём “Георгія Жукава”, юбілейнымі медалямі. Пасля вайны прыехаў на Гродзеншчыну працаваў загадчыкам склада, эканамістам на Парэцкім спіртавым заводзе.
Іван Цімафеевіч нарадзіўся 12 лістапада 1913 года ў вёсцы Лыкавічы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. У 1934 г. скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і з 1 верасня 1934 года працаваў настаўнікам у сямігадовых школах Карэліцкага, Івянецкага, Стаўбцоўскага раёнаў. Ва Узброеныя сілы Савецкага Саюза Іван Цімафеевіч быў прызваны па мабілізацыі ў канцы 1944 года. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне з красавіка па май 1945 года, у складзе стралковага батальёна. Служба праходзіла ва Усходняй Германіі. Удзельнічаў у размініраванні мінных палёў і аб’ектаў. Воінскае званне — радавы. Дэмабілізаваны ў лістападзе 1945 г. Мае падзяку ад камандавання часці за добрае нясенне службы і выкананне свайго воінскага абавязку. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 9 мая 1945 г. пасля перамогі пераведзены ў асобны сапёрны батальён. З снежня 1945 г. працаваў настаўнікам у вёсцы Накрышкі ў сямігадовай школе. Узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945г.”, юбілейнымі медалямі. Памёр 6 лістапада 1970 г. Пахаваны на гарадскіх могілках г. Дзятлава.