Арнамент

Накрышкi

Вёска Накрышкі — зямля авеяная легендамі сівой старажытнасці роду Стравінскіх

Спiртзавод 2

Старажытная вёска Накрышкі. У гэта цяжка паверыць, але Накрышкі ў XIX стагоддзі былі адным з культурных цэнтраў Гродзеншчыны. Тут гасцявалі вядомыя тагачасныя людзі: літаратары, мастакі, музыканты, палітыкі… Прыкладна з сярэдзіны XVIII стагоддзя Накрышкі сталі цэнтрам Пацаўскай воласці, якая ахоплівала значную частку тэрыторыі сучаснага Дзятлаўскага раёна. Вядома, што ў 1795 годзе ў Накрышках пражывала 39 мужчын і 40 жанчын. У гэты ж час яшчэ 29 чалавек, акрамя гаспадароў, жылі ў маёнтку пана Стравінскага. На тэрыторыі вёскі засталіся гістарычныя мясціны, аб якіх варта ўспомніць. Гэта палац пана Стравінскага, выкапаныя ў ручную дзве сажалкі. Прыгожы парк “Клёмбы”, які ў цяперашні час з’яўляецца помнікам прыроды, дзейнічала школа і піцейны дом, бальніца, Свята–Барыса–Глебскі храм – гэта адзін з самых прыгожых і велічных храмаў Дзятлаўскага раёна. Храм пабудаваны ў 1791 годзе з каменю на ахвяраванні сям’і Стравінскіх, якія валодалі ў той час сялом Накрышкі. Захаваўся судзебны іск, у якім расказваецца аб тым, што вышэй узгаданая сям’я абавязвала сябе і сваіх нашчадкаў утрымліваць храм у парадку і дастаўляць у патрэбнай колькасці ўсё неабходнае для богаслужэнняў.

У 1906 годзе Накрышкі наведаў вядомы рэлігійны і грамадскі дзеяч – біскуп каталіцкай царквы Эдвард фон Ропп. Пра гэта пісалі ў газеце: “У Накрышках біскуп быў госцем у чацвер. Адлегласць у 14 вёрст упрыгожвалі брамы… Падчас прыезду біскупа званы царкоўнай званіцы званілі на каталіцкі манер, а людзі віталі біскупа…”. Старажылы Накрышкаў ўзгадвалі некалькі трагічных выпадкаў з жыцця накрышскіх жыхароў. Так, у 1866 годзе лоўчы з Вялікага Мажэйкава нейкі Роўба і ўпраўляючы Накрышскага маёнтка, імя якого не захавалася, кожны ў суправаджэнні свайго лясніка, адзін пра аднаго не ведаючы, пайшлі ў лес паляваць на лося. Абодва чулі гукі прываблівання і былі ўпэўнены, што недзе блізка ходзіць лось. Упраўляючы маёнтка першым падабраўся да таго месца, дзе ў схованцы сядзеў Роўба, і стрэліў так, што куля лоўчага прашыла насквозь. Убачыўшы, што забіў чалавека, ён пачаў уцякаць з таго месца. Яго ж ляснік, які сядзеў у засадзе і чуў стрэл, падумаў, што гэта бяжыць паранены лось, стрэліў туды, адкуль чуў рух, і тым стрэлам палажыў мёртвым пана ўпраўляючага Накрышскага маёнтка. Яшчэ адзін трагічны выпадак, у якім загінуў ураднік накрышскай гміны пан Рафаловіч, адбыўся крыху пазней. Ён ехаў на кані, і на яго напала зграя ваўкоў. Трох ён засёк шабляй, а астатнія разадралі яго самога.

З пачаткам Першай сусветнай вайны шэраг прыхаджан былі прызваны ў рускую імператарскую армію. З вёскі Накрышкі ў расійскім войску служылі: Конан Васіль Пятровіч і Башко Максім. Адным з прызваных на ваенную службу з Накрышак быў і Васіль Іванавіч Дзідзюк 1897 г.н., які падчас грамадзянскай вайны стаў камісарам легендарнага “Залатога эшалона”. Менавіта ён кіраваў у 1920 годзе дастаўкай з Іркуцка ў Казань вывезенага Калчаком залатога запасу Расіі, які складаў 21 тысячу 442 пуды залатых зліткаў і манет.

Пры польскай уладзе да 1928 года Накрышкі былі цэнтрам Пацаўскай гміны, якая ахоплівала 83 населеныя пункты, у якіх пражывала 6652 чалавекі. Пазней Пацаўская гміна была далучана да Дзятлаўскай (Здзенціёльскай) гміны. У 1923 годзе ў Накрышках налічвалася 287 жыхароў у самой вёсцы і яшчэ 146 чалавек жыло каля фальварка, сярод іх было некалькі яўрэйскіх сем’яў – агулам 20 чалавек. Вядома, што ў Накрышках жыла яўрэйская сям’я Калпінскіх. Абагульняючы, можна сказаць, што адносіны мясцовага насельніцтва з польскімі ўладамі не былі пазбаўлены непаразуменняў. Адным з асноўных фактараў, які павялічваў градус напружання, былі спробы паланізацыі. Аднойчы ў Накрышках па загадзе польскай улады на танцах пачалі аб’яўляць музыку на польскай мове, а не на беларускай. Як толькі войт паспрабаваў гэта зрабіць, маладыя хлопцы накінуліся на яго з кулакамі, распачалася сапраўдняя бойня, бо прадстаўнікі дробнай шляхты, чынавенства, настаўнікі польскай школы былі прыхільнікамі польскай культуры.

У верасні 1939 года Накрышкі былі заняты савецкімі вайскамі. Арганізаваўся калгас. У чэрвені 1941 года яшчэ да прыходу нямецкіх войск партызаны вырашылі спаліць дом Стравінскіх, баючыся, што яго могуць заняць немцы. Нягледзячы на тое, што панскі дом быў знішчаны, немцы ўсё ж заснавалі сваю камендатуру ў Накрышках. Акупацыйныя ўлады забіралі моладзь з Накрышак і з навакольных вёсак на прымусовую работу ў Германію. Пасляваенная гісторыя Накрышак звязана з дзейнасцю калгаса. Першапачаткова вёска была маладой і расла, але ўжо пачынаючы з 80-х гадоў XX ст. насельніцтва Накрышак паступова змяншалася. На жаль на сёняшні дзень будынкі Накрышскай бальніцы, Накрышскай школы, куды хадзілі вучыцца дзеці з многіх навакольных вёсак, паліцэйскі ўчастак і лабараторыя для праверкі аналізаў малака не зберагліся.

Першыя ўладальнікі Накрышкаў. Гісторыя накрышскай галіны роду Стравінскіх.

Першы вядомы інвентар Накрышскага маёнтка датуецца 1747 годам і захоўваецца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Вільні. З інвентару даведваемся, што Накрышкі належалі княгіні Барбары Радзівіл і 1747 годзе яна перадае сваю ўласнасць у заклад пану Міхалу Камароўскаму. “Калі ўязджаеш у вёску, то бачыш вароты, крытыя дранкаю, на бегунах, старыя патрабуюць рамонту, адкрываюцца з невялікім трэскам. Па правай руцэ – кухня, крытая дранкаю, і таксама патрабуе рамонту. Калі выходзіш з кухні, то па правым баку знаходзіцца пякарня і супраць яе яшчэ адна хата. Хата мае пакрыты дранкаю дах, які патрабуе поўнага рамонту. Калі ўваходзіш у сені, то бачыш дзверы на бегунках, а далей ідучы, яшчэ адны дзверы на бегунках з жалезнаю клямкаю. Усярэдзіне печ, абкладзеная зялёнай старой кафляй, тры акны і тры лавы. У хаце ёсць старая каморка з маленькім акном. Выйшаўшы з хаты бачыш бровар, крыты старою дранкаю і патрабуе рамонту. Калі выходзіш з бровара, то бачыш разбураную студню. Прайшоўшы будынкі, па правай руцэ ўбачыш невялікі садок. За тым садком невялікая, крытая дранкаю стайня мае яслі і месца для складання сена, каля стайні старое памяшканне для вазоў. За той вазоўняй другая, пляцёная, з сенам, якая завецца адрынкай… Ідучы далей, знаходзіш гумно з доўгімі варотамі. Гумно пакрыта саломай, мае дзве каморачкі для адсеву… Выходзіш з гуменнага дзядзінца, бачыш хлеў, потым свіронак з засекамі ў сярэдзіне. Пасля таго свіронка – скабец новы з ніжнім свіранам, падбіты гонтам… Выходзячы са скарбца, бачыш сырніцу вельмі старую. Потым піўніца, крытая дранкаю… Двор вакол мае паркан. А за тым парканом праз вуліцу будынак новы і вялікі, пакрыты дранкаю. У тым будынку сем акон з завесамі і сарцавінамі”. Такім чынам бачна, што маёнтак быў запушчаны і патрабаваў сур’ёзнага рамонту. Становішча ў Накрышках мяняецца ў 80-х гадах XVIII ст., калі маёнтак пераходзіць да сям’і Стравінскіх. Ёсць меркаванне, што гэта адбылося ў 1786 годзе. Далейшая гісторыя Накрышак аж да 1939 года непарыўна звязана са шляхецкім родам Стравінскіх. Накрышская галіна роду Стравінскіх сыходзіць ад імені Кшыштава Стравінскага. У Кшыштава Стравінскага было 7 сыноў. Сын Ігнація Бруна Стравінскі (г. н. 1750) прыняў ад бацькі ў спадчыну тытул старасты слонімскага. У 1775 годзе Бруна Фларыян Стравінскі ажаніўся з Францыскай Барбарай Валадковіч, дачкой мінскага стольніка Марціна Валадковіча. Прыкладна ў сярэдзіне 80-гадоў XVIIIст. Сямейная пара Бруна Фларыян і Францыска Стравінскія набываюць фальварак Накрышкі, робяць сваім сямейным гняздом. Фларыян праводзіць шырокамаштабны рамонт Накрышскага дома і ўсёй сядзібы, засноўвае тут бібліятэку і збірае багаты кніжны фонд. Ён, несумненна, быў перадавым чалавекам свайго часу. Фларыян Стравінскі падарожнічаў па заходняй Еўропе, быў знаёмы з французскімі асветнікамі і перапісваў у свае рукапісныя зборнікі іх творы і артыкулы. Асобную частку накрышскай бібліятэкі складалі падручнікі і школьныя нататкі, складзеныя самім Фларыянам Стравінскім. Накрышская бібліятэка налічвала 12 тысяч тамоў. Сярод захаваных рукапісаў маецца копія “Генрыяды” Вальтэра, “Марсельеза”, беларускія акты XVI стагоддзя, вершы Нарушэвіча і Карпінскага, беларуская “Прамова Мялешкі”, вершаваная перапіска Ф.Карпінскага і ўладальніка Шчорсаў І.Храптовіча, апісанне Дзятлава, польскія вершы Ігната Булгароўскага, апісанне падарожжа невядомага аўтара са Слоніма ў Марыенбад, інвентарныя спісы слонімскіх маёнткаў Стравінскіх. Акрамя таго, ёсць дакумент пад назвай “Розныя рознасці даўно мінулых і нашых часоў”. Гэты зборнік змяшчае гістарычныя, палітычныя і юрыдычныя сачыненні, а таксама літаратурныя, пераважна вершаваныя, творы розных польска-літоўскіх аўтараў. Тэксты зборніка датуюцца 1703 і 1704 гадамі. Мяркуецца, што Бруна Фларыян Стравінскі памёр напрыканцы 90-х гадоў XVIII ст. ці ў самым пачатку XIX ст. Але гэта інфармацыя не пацвярджаецца. Несумненна, аднак, што Францыска Стравінская перажыла свайго мужа. Пасля сябе яны пакінулі двух сыноў: Яна і Маўрыцыя. Пасля смерці Бруна Фларыяна Стравінскага яго справу прадоўжыла ўдава Францыска Стравінская. Менавіта пры Францысцы Стравінскай была даведзена да завяршэння справа па пабудове мураванай царквы, званіцы і царкоўнай агароджы ў Накрышках.

school 2

Урачыстае асвяшчэнне царквы адбылося 24 ліпеня 1822 года. Няпроста складваліся адносіны ўдавы Стравінскай з мясцовым сялянствам. Па шматлікіх сведчаннях сялян, Францыска Стравінская была надзвычай жорсткай у адносінах да сваіх прыгонных. Сялян Кіпрыян Сцяпура быў закаваны за правіннасцць у кайданы і доўгі час утрымліваўся ў зняволенні ў склепе панскага дома, а таксама пані прымушала працаваць нават цяжарных жанчын. Францыска Стравінская пайшла з жыцця, як мяркуецца, у 30-х гадах XIX ст. Але яшчэ пры яе жыцці маёнтак быў падзелены на тры часткі. Накрышскі фальварак адышоў да Яна Стравінскага. Ян Раймунд Стравінскі 1787 году нараджэння, харунжы слонімскі, быў жанаты з Катарынаю Францыскаю з дому Чарвярцінскіх. Ян Раймунд працягнуў справу свайго бацькі па папаўненні фондаў бібліятэкі кнігамі і па кіраванні маёнткам. У 1843 годзе намаганнямі Яна Стравінскага на Дзятлаўскіх могілках была збудавана каменная капліца, якая знаходзіцца там і дагэтуль. Існуе меркаванне, што капліца была ўзведзена Янам над магілаю яго спачылых бацькоў – Фларыяна і Францыскі Стравінскіх. Сам Ян Стравінскі памёр ва ўзросце 70 гадоў 15 мая 1848 года. Пасля смерці Яна Раймунда Стравінскага ў 1848 годзе, Адам Стравінскі прымае ў спадчыну Накрышскі сямейны фальварак. Як і свае бацькі Адам Стравінскі займаўся і літаратурнай дзейнасцю. Напрыканцы жыцця склаў свае жыццёвыя ўспаміны, з якіх захаваўся толькі адзін фрагмент, у якім апісваюцца сучасныя аўтару дзеячы Слонімскага павета. Адам Стравінскі памёр, мяркуюць, напрыканцы 70-х, пачатку 80-х гадоў XIX ст. Наступным уладаром Накрышак стаў Станіслаў Стравінскі, сын Адама Стравінскага. У 1883 годзе пажар знішчыў панскі палац у Накрышках. Як і свае бацькі Адам Стравінскі займаўся таксама літаратурнай дзейнасцю. Напрыканцы жыцця склаў свае жыццёвыя ўспаміны, з якіх захаваўся толькі адзін фрагмент, у якім апісваюцца сучасныя аўтару дзеячы Слонімскага павета. Невядомы лёс каштоўных рукапісаў і кніг з Накрышскай бібліятэкі, верагодней за ўсё, кнігі былі знішчаны альбо раскрадзены ў 1939 годзе, альбо згарэлі разам з домам у 1941 годзе. Станіслаў Стравінскі на месцы старога згарэлага дома ўзвёў новы. У новай пабудове быў рэканструяваны выгляд старога дома. Новы ўладар пабудаваў дом ў выглядзе працягнутага прамавугольніка з ломаным высокім дахам, пакрытым гонтай з авальнымі аконнымі адтулінамі ў ніжняй частцы. З боку галоўнага пад’езда да дома быў зроблены арыгінальны порцік на шасці драўляных калонах. Бакавыя калоны стаялі асобна, а чатыры сярэднія – папарна. Прастору паміж сярэднімі калонамі накрывала аркада, якая заканчвалася трохвугольным верхам. З правага боку ад цэнтральнага ўвахода быў яшчэ адзін ганачак з трыма калонамі. З задняга боку будынка да сярэдзіны двара ішла шырокая тэраса. Фасады дома былі не тынкаваныя, а фарбаваныя. Каля галоўнага жылога дома размяшчаўся лямус, які не быў знішчаны пажарам. Дом быў акружаны вялікім ландшафтным паркам.

school 2
С. Чайкоўсki

Апошняга ўладара Накрышскага маёнтка звалі Уладыслаў Станіслаў Стравінскі. Нарадзіўся ён у 1883 годзе. У часы маладосці Уладыслаў служыў афіцэрам расійскай імператарскай арміі. Яго жонкай стала Яніна з дому Кашыцаў. У гэтым шлюбе нарадзілася дзве дачкі Гелена Стравінская і Аляксандра Стравінская. Па ўспамінах накрышскіх старажылаў, Уладыслаў вёў разгульны лад жыцця. Ён займеў вялізныя даўгі перад крэдыторамі, гэтыя даўгі былі картачнымі. Заплаціць ён быў не ўстане. Справа дайшла да водпісу Накрышскага маёнтка. Выйсце з цяжкай жыццёвай сітуацыі Уладыславу прапанаваў жыхар Накрышак яўрэй-камерсант Калпінскі. Па дамове ён аплочваў усе даўгі Уладыслава, але за гэта да яго пераходзіў лепшы лес з Ліпічанскай пушчы, які належаў Стравінскаму. Справа была выгадна выключна Калпінскаму. Лес абышоўся за палову яго кошту, а продаж пасля апрацоўкі абяцаў вялікі прыбытак. Ва Уладыслава не было іншага выйсця, як толькі пагадзіцца на гэтую прапанову. Мясцовыя жыхары ўзгадваюць, што Калпінскі, прыязджаючы ў лес на загатоўкі, пасмейваўся і гаварыў: “Ох, пане, з’ездзіў бы ты ў Варшаву яшчэ разок, дык я б азалаціўся”. Мясцовыя жыхары без асаблівай сімпатыі ўзгадваюць апошняга пана Накрышскага маёнтка і адзначаюць яго дзівацтвы і фанабэрыстасць. Яго адносіны з мясцовым насельніцтвам былі вельмі напружаны. З успамінаў жонкі мясцовага мастака Станіслава Чайкоўскага – Ганны, якія пражывалі ў Накрышках з 1930-га па 1939 год. Ганна Чайкоўская, маючы, асаблівую крыўду да накрышскіх гаспадароў, узгадвала: “Маёнтак называўся Накрышкі. Мы даведаліся, што гаспадыняй гэтага фальварка была пані Стравінская, а гаспадарыў тут адзін з яе сыноў. Коні выехалі за намі да мястэчка Здзецелы. Безлюдна. Дарога цудоўная, вочы не могуць нацешыцца і тым, і іншым, і дарогаю, і дрэвамі. Пуста. Прыязджаем. Парк. Дом у старым парку. Цудоўна! Гаспадыня дома выйшла нас сустракаць. Гаспадара няма. Толькі гувернантка, дзве паненкі, яшчэ круціўся нехта з радні і нейкія пенсіянеры. Гаспадара дома не відаць ні першы дзень, ні другі, ні трэці і гэтак далей. Потым прыехала старая пані Стравінская – вельмі клапатлівы і добры чалавек. Людзі яе любілі, у адрозненне ад жонкі сына – маладой пані Стравінскай з Накрышак. Яна была бландзінкаю з нябеснымі, але вельмі халоднымі вачыма… Калі гаворка заходзіла пра кнігі, то маладая пані казала, што для яе самая галоўная кніга – бухгалтарская…”. У Накрышках сям’я Чайкоўскіх пражыла да пачатку вайны. Ганна Чайкоўская пісала: “Мы выехалі з Накрышак перад Ражаством 1939 года. І пасля вайны мы там не былі…”.

school 2

Уладыслаў Стравінскі памёр 21 чэрвеня 1941 года. Жонка Яніна Стравінская і дачка Аляксандра былі вывезены ў Сібір, там былая гаспадыня Накрышскага маёнтка захварэла на тыф і памерла. Так трагічна завяршылася гісторыя сям’і Стравінскіх у Накрышках. Іх дом у 1939 годзе быў аддадзены пад шпіталь. У чэрвені 1941 года партызаны падпалілі дом, каб ён не стаў нямецкай камендатурай. У пасляваенны час парк пачаў зарастаць. Пра панскі маёнтак нагадвалі свіраны, якія стаялі непадалёк ад Накрышскай царквы. Цяпер толькі векавыя клёны нагадваюць пра былую гісторыю накрышскага маёнтка.

Спіс выкарыстанай літаратуры:

  1. Куза, А.В. Древнерусские городища X–XIII вв. Свод археологических памятников / А.В. Куза. – М., 1996. – С. 91.
  2. Гуревич, Ф.Д. Древности белорусского Понеманья / Ф.Д. Гуревич. – М. – Л., 1962. – С. 170.
  3. Kołbuk W. Kościoły wschodnie w Rzeczypospolitej około 1772 roku: struktury administracyjne Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 1998. – S. 54.
  4. Архив Накрышской Свято-Борисо-Глебской церкви. Клировая ведомость за 1898 год; за 1905 год.
  5. ЛИА. – Ф. 615. – Оп. 1. – Д. 195. Дело о состоянии прихода Накрышской церкви и о поведении священника Николая Боровского за 1800 год.
  6. Вялікі гістарычны атлас Беларусі. – Т. 1. – С. 224.
  7. Metryka litewska: rejestry podymnego Wielkiego Ksiestwa Litewskego, Wojewodstwa nowogrodzkie 1690 r. Neriton, 2002. – S. 128, 148. – Opracowanie: Andrzej Rachuba, Henryk Lulewicz.
  8. Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej: Ziemie ruskie korony. – V. 2. – S. 272.
  9. Niesiecki К. «Herbarz polski» Rodzina Strawińskich / wyd. J.N. Bobrowicza. – Lipsk, 1841. – T. 8. – S. 534–536.
  10. Чарняўскі, Ф.В. Ураднікі менскага ваеводства 16 – 18 стагоддзяў / Ф.В. Чарняўскі // Біяграфічны даведнік. Выпуск 1. – Мінск, 2007.
  11. Kowkiel L. Prywatne księgozbiory na Grodzieńszczyźnie w pierwszej połowie XIX wieku. – S. 152, 190.
  12. Мальдзіс, А. Таямніцы старажытных сховішчаў / А. Мальдзіс. – Мінск, 1974. – С. 54.
  13. Zbiory rękopisów w bibliotekach i muzeach w Polsce. – S. 393.
  14. Шаланда, А. Дакументальныя матэрыялы XVII-XVIII стагоддзяў у фондах Слонімскага краязнаўчага музея ім. І.І. Стаброўскага / А. Шаланда. – «Герольд Litherland». – № 3–4 (7–8). – Горадня, 2002. – Год ІІ. – С. 67. («Позва ў Слонімскі гродскі суд Фларыяна Брунона Стравінскага, судовага гродскага слонімскага старосты шляхце Плаўскага тракту ... па скарзе Францішка Корчыца, слонімскага гродскага рэгента ў справе аб межах іх ўладанняў». Слонім, 06.09.1789 г. Польская мова, 2 арк. Пячатка: адсутнічае. Шыфр: КП 5957/6:Д 1775.)
  15. Ciechanowicz Jan. Rody rycerskie Wielkiego Księstwa Litewskiego: S-Ż. FOSZE, 2001. – T. 5. – С. 172–173.
  16. НИАБ Гр. –Ф. 1. Оп. 1. Д. 2235. Об обременении помещицей Стравинской крестьян имения «Накрышки» и нанесении им побоев.
  17. Архив Дятловского районного краеведческого музея. Описание Дятловского костела за 1886 год.
  18. Памятная настенная доска в Дятловском костеле Успения Девы Марии.
  19. НИАБ Гр. – Ф. 31. – Оп. 2. – Д. 76. Дело о конфискации имения Мировщина у помещика Адама Стравинского.
  20. Государственный совет Российской империи в документах Российского государственного исторического архива. 1829–1844 гг. // О пересмотре решения Правительствующего Сената по делу об имении Адама Стравинского. – М., 2009. – С. 255.
  21. Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзятлаўскага райна. – С. 47-48.
  22. Архив Накрышской церкви. Копия журнала Гродненского губернского по крестьянскому вопросу присутствия от 27 августа 1865 года.
  23. Lilia Kowkiel. Prywatne księgozbiory na Grodzieńszczyźnie w pierwszej połowie XIX wieku. – S. 90, 152.
  24. Jasiewicz Krzysztof. Zagłada polskich Kresów: ziemiaństwo polskie на Kresach Północno-Wschodnich Rzeczypospolitej pod okupacją sowiecką 1939–1941: studium z dziejów zagłady dawnego narodu politycznego. – Warszawa, 1998. – S. 284.
  25. Budzyński Wiesław. Świątynia przodków. Opowiesci biograficzne. Adam, 1995. – S. 9–10, 8–20.

Гісторыя храма святых благаверных князёў Барыса і Глеба в.Накрышкі

Спiртзавод 2

Кожнаму чалавеку трэба ведаць святыні сваёй малой радзімы, вельмі важна захаваць гістарычныя помнікі культуры. Неабходна асэнсаваць наша мінулае, раскрыць патайныя старонкі гісторыі, бо наша гісторыя — наша, з усім, што ў ёй было вялікага і жахлівага, светлага і цёмнага. Давайце не будзем забываць пра гэта, паспрабуем вярнуцца да нашых родных вытокаў, успомнім тое, чаго забываць нельга. Нездарма 2018-2020 гг. з’яўляліся Годам малой радзімы. Гэта лішні раз даказвае, наколькі вялікае значэнне для будучага пакалення, ды і нашага таксама, веданне гісторыі роднага краю, сваёй вёскі. А наша гісторыя — гэта Свята-Барыса-Глебская царква в. Накрышкі, Дзятлаўскага раёна, Гродзенскай вобласці. Вёска Накрышкі і тыя паселішчы, якія складаюць прыход Накрышскай Свята-Барыса-Глебскай царквы, знаходзяцца на зямлі, абвеянай легендамі сівой старажытнасці. Аб мінулым нагадвае многае: парослыя мохам дагістарычныя курганы і дзюны “Нёманскага мора”, старажытны храм і званіца, рэшткі панскага парку і старадаўніх пабудоў, народныя легенды і апавяданні старажыл. Нажаль, многае тут ужо незваротна згублена, але, нягледзячы на ўсе гістарычныя ўзрушэнні, захаваліся яшчэ тыя ніці, якія могуць прывесці нас да разгадкі многіх таямніц і адказаць на многія пытанні. Захаваць і пакінуць спадчыну для сучаснікаў і будучых нашчадкаў. І гэтая праца — яшчэ адна спроба расказаць сучаснікам пра яе багатую гісторыю. Рыхтуючыся да напісання гісторыі, сустрэліся са старажыламі вёскі, сабралі матэрыялы пра храм, пра яго служыцеляў, працавалі ў інтэрнэце, сустракаліся з настаяцелем Накрышскага Барыса-Глебскага храма айцом Мікалаем.

Гісторыя служэння Барыса-Глебскай царквы в. Накрышкі

Першыя пісьмовыя звесткі аб саміх Накрышках адносяцца да канца XVII стагоддзя і звязаны з прозвішчам літоўскага шляхецкага роду Стравінскіх. Як мяркуецца, у 70-х гадах XVII стагоддзя Стравінскія набылі шырокія землеўладанні на Дзятлаўшчыне і з часам заснавалі два маёнткі ў Накрышках і Міроўшчыне. У кнігах Літоўскай метрыкі за 1690 год мы ўжо знаходзім згадванне Накрышкаў. На сённяшні дзень гэта першае вядомае згадванне Накрышкаў ў пісьмовых крыніцах. У 1744 годзе панскі фальварак Накрышкі значыцца ў спісе Віленскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі і адносіцца да Дзятлаўскай каталіцкай парафіі. У гэтай вёсцы і быў пабудаваны храм у гонар Святых Барыса і Глеба. Накрышскі храм першапачаткова насіў імя Святых пакутнікаў Барыса і Глеба. Старажытныя Барыса-Глебскія храмы на Гродзеншчыне ёсць толькі ў Навагрудку і Гродне. Зыходзячы з самой назвы храма, цалкам можна меркаваць, што царква ў Накрышках з’явілася яшчэ ў даўніяцкі перыяд гісторыі, г. зн. да 1596 года. Гэтая здагадка ўскосна пацвярджаецца і дадзенымі царкоўных ведамасцяў Накрышскай царквы. Паводле гэтых дакументаў, у Накрышках з заходняга боку цяперашняга каменнага храма стаяла старадаўняя драўляная царква.

Першая вядомая метрычная кніга Накрышскай царквы датуецца 1788 годам. Пры Францыске Стравінскай пачалося і ў 1821 годзе было скончана будаўніцтва каменнага храма, званіцы і царкоўнай агароджы ў Накрышках. Узвядзеннем каменнай царквы кіраваў святар Мікалай Міхайлавіч Бароўскі. Гады служэння ў Накрышках гэтага святара — 1821-1847. Відавочна, айцец Пётр Бароўскі быў тым святаром, пры якім у 1839 годзе адбылося ўз’яднанне некалі ўніяцкай парафіі з праваслаўнай царквою. Асноўным захаваным дакументам, які сведчыць аб гэтым перыядзе жыцця Накрышскага прыхода, з’яўляецца справа аб забеспячэнні зместам прычта Накрышскай царквы, датаванае 1844 годам. У 1844 годзе ў царкоўным распараджэнні меўся крыты саломай жылы святарскі дом з цаглянай падлогай, які складаўся з трох пакояў з двума галандскімі печамі. Другую частку дома складала людская хата з каморай і кухняй. Таксама меўся хлеў для жывёлы, збожжавы склад, свіран.

Прытч Накрышскай царквы ў гэты час складаўся са святара, дзьяка, панамара і прасфорніцы. Дом меўся толькі ў святара. У прытча ж службовага жылля не мелася. Зыходзячы з гэтага, камісія рэкамендавала пабудаваць на царкоўнай зямлі памяшканні для псаломшчыка, дзьяка, панамара і прасфорніцы. Абавязкі псаломшчыка пры айцу Пятру Бароўскаму выконваў Мікалай Здановіч. Да прыходу 1844 года адносілася 144 двары, у якіх пражывала каля 1800 чалавек.

З 1847 года святаром Накрышскага прыходу быў прызначаны Мікалай Пятровіч Бароўскі, сын бацькі Пятра Бароўскага. Тут ён праслужыў 31 год да дня сваёй смерці. Пры ім у 1860 годзе ў Накрышках адкрываецца царкоўна-прыхадская школа. Айцец Мікалай актыўна выступаў супраць несправядлівасцяў, якія чыняцца памешчыкам, у дачыненні да сялян-прыхаджан Накрышскага храма. У выніку гэта было прадстаўлена як падбухторванне сялян да бунту. Сітуацыя сапраўды была неспакойная. У красавіку 1861 г. памешчыкі Слонімскага павета даносілі “..парафіяльныя свяшчэннікі Слонімскага павета, Дзэнцыальскай (Дзятлаўскай) і суседняй Накрышскай цэркваў тлумачылі ім (сялянам), што паншчыны можна не адбываць, калі сяляне таго пажадаюць”. Удзел айца Мікалая ў жыцці сваіх вернікаў характарызуе яго як неабыякавага і клапатлівага пастыра, які не церпіць няпраўду. У сваю чаргу і прыхаджане ў меру сваіх сціплых магчымасцяў клапаціліся пра свой храм і свяшчэнніка. У 1863 годзе прыхаджане ахвяравалі ў рызніцу Накрышскай царквы святочнае адзенне і 20 рублёў грошай.

З 1878 па 1899 год святаром Накрышскага прыхода і настаяцелем храма быў Мікалай Міхайлавіч Вяхірэў. Айцец Мікалай скончыў Цвярскую духоўную семінарыю з атэстатам другога разраду ў 1867 годзе. З 1867 па 1874 год па благаславенню Высокапраасвяшчэннейшага Філафея архіепіскапа Цвярскога быў настаўнікам у Ржэўскім духоўным вучылішчы для дзяўчат духоўнага звання і выкладчыкам народнага вучылішча. У 1874 годзе архіепіскапам Літоўскім Макарыем пасвечаны ў дыякана і святара і накіраваны на прыхадское служэнне да зноў заснаванай Рагоўскай царквы Ковенскай губерні. Паводле пададзенага прашэння ў 1875 годзе пераведзены да Харашэвіцкай царквы Ваўкавыскага павета. Праз тры гады 22 жніўня 1878 года згодна пададзенаму прашэнню пераведзены ў Накрышскую царкву. З прыходам а. Мікалая ў Накрышскую царкву жыццё прыхода значна ажывілася, хоць, мяркуючы па архіўных дакументах, дзейнасць яго многімі ўспрымалася неадназначна. Першыя гады яго служэння пастаянна суправаджаліся цяжбамі і судовымі працэсамі. Не проста складваліся ў яго адносіны з мясцовымі памешчыкамі Стравінскімі і Дзятлаўскім благачынным. Канфлікт з памешчыкамі паўстаў праз тое, што перададзеныя некалі царкве землі і прыбыткі, былі адабраны Стравінскімі. Святар падаў іск у суд. У адказ на гэта Стравінскі, мяркуючы па ўсім, падгаварыў вернікаў царквы скардзіцца на а. Вяхірава епархіяльнаму начальству. Гэтыя настроі памешчыка падтрымаў Дзятлаўскі благачынны. У выніку, без належнага разбору справы, святар М. Вяхірэў быў адпраўлены на некалькі месяцаў на пакаянне ў Супрасльскі манастыр. Гэтыя знешнія нягоды ўскладняюцца і сямейнымі праблемамі — цяжка захворвае жонка а. Мікалая, але ён не апускае рукі. Па дарозе ў Супрасльскі манастыр а. Мікалай заехаў у Вільню. Тут у архіве яму ўдаецца знайсці дакументы, якія пацвярджаюць права царквы на зямлю і даходы. Дзякуючы гэтым дакументам суд падцвердзіў права Накрышскай царквы на зямельныя ўчасткі і абавязаў памешчыка Стравінскага выплаціць няўстойку за 8 гадоў. Пры а. Мікалаю ў 1881 годзе быў праведзены рамонт царкоўных будынкаў. Святар узяўся за ўнутранае добраўпарадкаванне храма. Першачарговай задачай стала ўладкаванне новага іканастаса — справа няпростая і дарагая. На ажыццяўленне гэтай мэты спатрэбілася два гады. Урачыстае асвячэнне новага іканастаса адбылося 30 кастрычніка 1883 года. Настаяцель Дзятлаўскай царквы святар Іаан Макарэўскі ў літоўскіх Епархіяльных ведамасцях апублікаваў нататку пра тое, як ствараўся новы іканастас Накрышскага храма, і як прайшло яго ўрачыстае асвячэнне.

Вось, як апісана гэта падзея ў літоўскіх Епархіяльных ведамасцях. “... 30-га мінуўшага кастрычніка, здзейснілася асвячэнне, па чынапалажэнню праваслаўнай царквы, зноў ўладкаванага іканастаса ў Накрышскай царкве, на сродкі мясцовых прыхаджан. Асвячэнне іканастаса і правядзенне затым Боскай літургіі адбывалася, пры ўдзеле двух святароў: настаяцеля Накрышской царквы а.Мікалая Вяхірэва і загадчыка прыходам, настаяцеля Дзятлаўскай царквы Іаана Макарэўскага. Само па сабе нябачанае дагэтуль у азначанай мясцовасці ўрачыстасць асвячэння, — адбывалася звычайным парадкам; але выдатна тое, што прысутныя сяляне-прыхаджане па закліку свайго працавітага пастыра на ўрачыстасць асвячэння прыбранага іканастаса, былі здзіўлены велічнасцю гэтага і прыгажосцю. Па заканчэнні ўрачыстасці асвячэння і Боскай літургіі з хросным ходам вакол царквы, — прыхаджане аднагалосна заявілі, што і на будучы час яны гатовыя заўсёды дапамагаць сваімі матэрыяльнымі сродкамі на іншыя наяўныя патрэбы свайго парафіяльнага храма; бо пераканаліся фактычна, што працоўная іх капейка, добраахвотна імі ахвяраваная на справу Божую, не знікла дарма”.

У 1888 годзе пажар знішчае святарскі дом. Не гледзячы на гэта, у 1889 годзе праводзіцца капітальны ўнутраны рамонт храма і 22 кастрычніка зноў асвячаецца прастол. Рамонтам царквы кіраваў малодшы інжынер Трубнікаў. У гады служэння а. Мікалая ў парафіі дзейнічала 7 школ граматы, у якіх навучалася 107 хлопчыкаў і 25 дзяўчынак. На жаль, застаецца невядомым, што паслужыла прычынай пераводу а. Мікалая з Накрышскага прыходу ў 1899 годзе. Яму тады было 55 гадоў. Невядома таксама, дзе ён скончыў сваё служэнне. У 1889 годзе настаяцелем Накрышскага прыхода становіцца святар Міхаіл Пятровіч Дз’яканаў (гады служэння 1899-1907). Міхаіл Пятровіч нарадзіўся 22 лістапада 1873 года, сын надворнага саветніка. Скончыў курс Літоўскай духоўнай семінарыі па другім разрадзе ў 1898 годзе. 20 верасня 1898 года прызначаны псаломшчыкам Знаменскай царквы г. Гродна. 8 верасня 1899 года Высокапраасвяшчэннейшым Ювеналіем, архіепіскам Літоўскім пасвечаны ў святара і прызначаны ў Накрышскую царкву. Да часу служэння а. Міхаіла вядзецца капітальны рамонт храма і пабудова парафіяльных дамоў для святара і псаломшчыка. Будаўніцтва было завершана ў 1902 годзе. У гады служэння айца Міхаіла на тэрыторыі парафіі дзейнічалі Накрышскае народнае жаночае і Накрышскае народнае мужчынскае вучылішча, царкоўна-прыхадская школа, Карытнянская царкоўна-прыхадская школа (адкрыта 1 верасня 1901 года), Гірыцкая царкоўна-прыхадская школа (1 кастрычніка 1902 года), дзве школы граматы ў в. Калпінскія і в. Дубраўка). У 1902 годзе Накрышскую парафію наведаў Праасвяшчэнны Іаакім — епіскап Гродзенскі. Відавочца так апісвае сустрэчу ўладыкі Іаакіма ў Накрышках: “Шлях да царквы больш чым 200 дзяцей абсыпалі кветкамі. Храм, у які ўвайшоў Уладыка, упрыгожаны зелянінай і асветлены больш чым 400 запаленымі свечкамі, гарэў шматлікай і яшчэ новай пазалотай. Пад спевы 60 пеўчых Уладыка выслухаў прамову мясцовага святара пра гісторыю храма ў гонар князёў і пакутнікаў Барыса і Глеба...”.

Застаецца невядомым, дзе прадоўжыў сваё служэнне а. Міхаіл. Можна меркаваць, што падчас Першай Сусветнай вайны ён быў эвакуіраваны ў Казань. Яго імя сустракаецца ў кнізе памяці Рэспублікі Татарстан. Наступным святаром храма быў Канстанцін Гайдукевіч. Гады служэння ў Накрышскім храме 1907-1915. На жаль, пра а. Канстанціна і пра яго служэнні ў Накрышках маюцца толькі адрывістыя звесткі. У гады яго служэння прыхаджане ахвяруюць храму некалькі багата ўпрыгожаных абразоў. У 1907 годзе пры Накрышскай царкве было заснавана праваслаўнае брацтва. У гродзенскіх Епархіяльных ведамасцях паведамляецца, што ў 1914 годзе прыхаджанка царквы Параскева Сцяцко ахвяравала абраз архістратыга Міхаіла на кіпарысавай дошцы. Ікона захавалася дагэтуль. У 1910 годзе быў складзены страхавы вопіс усёй нерухомай царкоўнай маёмасці. Святар Канстанцін Гайдукевіч кіраваў эвакуацыяй царкоўнай маёмасці ў Расіі ў 1915 годзе. З Накрышскай царквы былі вывезены антымінс, богаслужбовае начынне, уборы і некалькі найбольш каштоўных абразоў. Астатнія іконы заставаліся падчас вайны і ў перыяд безуладдзя ў храме. Сляды святара губляюцца ў Расіі.

З 1914 па 1918 год дакладнай інфармацыі аб становішчы прыхода і стане храма не маецца. Вядома, што дом святара і гаспадарчыя пабудовы былі пакінутыя немцамі ў паўразбураным стане. У 1918 г. у Накрышскую парафію прызначаецца святар Андрэй Кучук (гады служэння ў Накрышках 1918-1924). Стараннямі а. Андрэя рызніца храма папаўняецца богаслужбовым начыннем і адзеннямі. У 1922-23 гадах на тэрыторыі Накрышскага прыхода дзейнічаюць дзве школы: у вёсках Накрышкі і Карытніца. 21 чэрвеня 1924 года настаяцелем Накрышскага прыхода прызначаецца святар Антоній Андрэевіч Сокал-Кутылоўскі. Перш за ўсё, а. Антоній з дапамогай вернікаў стаў рамантаваць паўразбураны святарскі дом і гаспадарчыя пабудовы. Пры гэтым ён сутыкаецца з вострым недахопам сродкаў для правядзення рамонтных работ. У гэты час на тэрыторыі парафіі дзейнічае парафіяльная школа, навучанне ў якой вядзецца на польскай мове. Дзякуючы намаганням а. Антонія ў вёсцы Хвінявічы, адкрываецца прыватная беларускамоўная школа.

Служэнне а. Антонія ў Накрышках працягнулася да 1929 года. У 1929 годзе ён быў прызначаны Дзятлаўскім благачынным. Маюцца таксама звесткі, што ў 1939 годзе ён ужо служыў у царкве вёскі Востраў, Слонімскага павета. З 1929 па 1931 святаром у Накрышках быў Мікалай Баталін. На жаль, маюцца толькі адрывістыя звесткі аб дзейнасці гэтага святара ў Накрышскай парафіі. Яго адносіны з прыхаджанамі былі нацягнутымі. Мяркуючы па ўсім, група вернікаў накіравала ліст у епархіяльнае ўпраўленне, у якім скардзілася на свайго святара. Хутчэй за ўсё, прычынай гэтага канфлікту было тое, што святар, як пра гэта распавядаюць старажылы, дыстанцыяваўся ад простых вернікаў, вадзіў сяброўства з памешчыкам і часам перадаваў памешчыку тое, што людзі адкрывалі яму ў асабістых гутарках. Указ аб пераводзе на іншы прыход быў нечаканасцю для а. Мікалая. Паўстаў канфлікт з прыехаўшым на новае месца служэння а. Дзмітрыем Гладковым. Прыхаджане падтрымалі новага святара. З 1931 года Накрышскую царкву ўзначальвае пратаіерэй Дзмітрый Ільіч Гладкоў, які праслужыў у храме 27 гадоў. Ён адзіны з настаяцеляў, пахаваны каля Накрышскага храма. Дзмітрый Ільіч актыўна займаецца наладжваннем унутранага жыцця парафіі і рэлігійнай адукацыяй моладзі. У перыяд настаяцельства а. Дзмітрыя Гладкова на тэрыторыі парафіі дзейнічала 7 школ: у Накрышках, у Калпінскіх, у Дубраўцы, у Карытніцы, у Пушчы Ліпічанскай, у Хвінявічах і Пацаўшчыне. Агульная колькасць вучняў гэтых школ складала 413 чалавек. Верным памочнікам яму становіцца псаломшчык Андрэй Зянюк, у будучым зяць а. Дзмітрыя, затым дыякан, і другі святар Накрышскага храма, які стаў у гады старасці а. Дзмітрыя настаяцелем прыходу. У далейшым цяжка падзяліць ролю а. Дзмітрыя і а. Андрэя.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны, каб выратаваць моладзь ад прымусовых работ у Германіі (немцы не забіралі тых, хто працаваў у царкве), святары Дзмітрый Гладкоў і Андрэй Зенюк пачынаюць маштабны рамонт царквы: дэмантуюцца цагляны хор і замест іх будуецца драўляны, змяняецца кроквенная сістэма царквы і дах накрываецца драўляным гонтам. На работах было задзейнічана каля 20 чалавек. Святар Андрэй Зенюк забраў іх з барака, куды былі сабраныя ўсе тыя маладыя людзі, якія павінны былі адправіцца на прымусовыя работы ў Германію. Накрышкі знаходзіліся на ўскраіне Ліпічанскай пушчы. Пушча была адным з цэнтраў партызанскага руху. Літаральна ўсе жыхары парафіі сталі закладнікамі гэтай сітуацыі. Немцы ў раёнах базіравання партызанскіх атрадаў знішчалі ўсё і ўсіх, пазбаўляючы тым самым партызан, якой бы там ні было падтрымкі. Спальваліся цэлыя вёскі, расстрэльваліся сотні людзей, зганялася свойская жывёла. Святарам неаднаразова даводзілася ўпрошваць немцаў адмяніць загад аб спальванні вёсак свайго прыхода.

Сям’я а. Дзмітрыя і асабліва а. Андрэя Зенюка стараліся ўсяляк падтрымліваць партызан: дапамагалі сувязным, хавалі партызан ад аблаў, дапамагалі прадуктамі і медыкаментамі. На гарышчы Накрышскай царквы дзейнічаў партызанскі лазарэт. Гэта была вялікая рызыка. Літаральна праз дарогу ад храма размяшчалася нямецкая камендатура. Але немцы былі абсалютна ўпэўненыя ў лаяльнасці да святароў і не маглі западозрыць іх у дапамозе партызанам. Дачка а. Дзмітрыя Таццяна Гладкова і нявестка Вера Гладкова працавалі мядсёстрамі ў немцаў і дзякуючы гэтаму маглі даставаць медыкаменты для лячэння параненых і хворых партызан. Аднак бяда не абыйшла сям’ю а. Дзмітрыя. Яўрэйскія партызаны забіваюць яго малодшага сына — Дзмітрыя за супрацоўніцтва з немцамі. Дзмітрый працаваў на чыгунцы інжынерам. Немцы прыцягвалі на гэтыя працы зняволеных яўрэйскага гета. Дзмітрый кіраваў, іх працай і гэта было расцэнена, як прыгнёт зняволеных яўрэяў. У адзін з вечароў за ім прыехалі ўзброеныя людзі і, вывеўшы за некалькі кіламетраў ад Накрышак у лес, расстралялі. Праз два месяцы ў верасні трагічна гіне і яго жонка Вера. З-за перанесеных нягод і ўзрушэнняў здароўе бацькі Дзмітрыя станавілася ўсё горш. Ён перанёс цяжкую сардэчную хваробу і яму ўжо было цяжка аднаму абслугоўваць гэтакі вялікі прыход. 22 снежня 1944 а. Дзмітрый Гладкоў піша рапарт на імя Высокапраасвяшчэннейшага Васілія, архіепіскапа Мінскага і Беларускага з просьбай рукапалажыць яму ў памочнікі псаломшчыка Накрышскай царквы Андрэя Зенюка. 20 чэрвеня 1957 года, за год да смерці а. Дзмітрыя Гладкова, а. Андрэй Зенюк быў зацверджаны на пасаду настаяцеля Свята-Барыса-Глебскага храма в. Накрышкі. У гады вайны Андрэй Емяльянавіч Зенюк (а. Андрэй) вёў перамовы з немцамі аб вызваленні маладых людзей, адабраных на прымусовыя работы ў Германію, матывуючы гэта тым, што неабходна правесці тэрмінова рамонт храма. Акрамя таго, яму ўдалося выратаваць ад вывазу на катаржныя работы ў Германію маладых людзей, матывіруя гэта тым, што неабходна правесці тэрміновы рамонт храма. На кватэры ў Андрэя Зенюка жыў доктар, які праводзіў медагляд ўсіх тых, хто павінен быў адправіцца ў нямецкае рабства. Па яго просьбе доктар ставіў маладым людзям дыягназы тых хвароб, з якімі яны маглі быць вызвалены. Андрэй Емяльянавіч выбудоўваў таксама кантакты і з партызанамі. Дзякуючы яму ў Накрышках на даху царквы маглі хавацца і атрымліваць медыцынскую дапамогу параненыя партызаны. Андрэй Емяльянавіч кіраваў усімі будаўнічымі работамі ў царкве. За час вайны ўдалося зрабіць многае: дэмантаваць каменны хор і збудаваць драўляны, замяніць кроквенную сістэму і накрыць дах гонтам. Усё гэта характарызуе айца Андрэя як смелага чалавека, тонкага дыпламата. У гады хрушчоўскіх ганенняў айцец Андрэй ўсяляк стараўся захаваць храм ад закрыцця. Старажылы ўспамінаюць, што ў Накрышкі неаднаразова прыязджалі розныя камісіі, мэтай якіх было спыненне дзейнасці парафіі. Як правіла, заўсёды складаўся акт аб аварыйнасці храма. Гэта і было падставай да закрыцця большасці храмаў у той перыяд. Айцу Андрэю даводзілася звяртацца да некаторых экстраардынарным мер. Пасля праверкі храма сябры камісій заўсёды запрашаліся айцом Андрэем папалуднаваць. Здаралася і так, што членаў камісіі пасля праверкі храма везлі толькі на наступны дзень. Але галоўнае а. Андрэю ўдалося: Накрышскі прыход у савецкі час не спыніў сваёй дзейнасці. І, нягледзячы ні на што, а. Андрэю ўдавалася не толькі захаваць, але і рамантаваць храм.

У 1963 годзе царкву падключылі да электрычнасці. Айцец Андрэй сам асабіста манціраваць электраправодку, зрабіў падсвятленне абразоў, прыстасаваў панікадзіла пад электрычныя лямпачкі. Ён быў па-сапраўднаму тэхнічна адароным чалавекам. З усёй акругі да яго везлі на рамонт радыёпрыёмнікі, тэлевізары, электраўцюгі і інш. Рамонт радыё і электрапрыбораў было яго любімым заняткам і адначасова магчымасцю расказаць людзям пра Бога і веру. Служэнне айца Андрэя Зенюка ў Накрышскім прыходзе доўжылася 52 гады (з 1958 па 1981г.). Скончыў сваё жыццё а. Андрэй у Баранавічах, дзе і пахаваны на могілках. З 1981 па 2001 гады настаяцелем храма быў святар Андрэй Шыла. (Дадатак №1). Святар Уладзімір Шыла нарадзіўся ў 1937 года ў в. Муцькавічы Баранавіцкага раёна ў сям’і сялян. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1955 годзе працаваў на мясакамбінаце г. Баранавічы. У 1956 годзе паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. У 1960 годзе Уладзімір Шыла паспяхова скончыў семінарыю і паступіў у Ленінградскую духоўную акадэмію, якую скончыў у 1964 годзе. Нёс розныя паслушэнства за Уралам. У 1977 годзе а. Уладзімір пераводзіцца ў Беларускую епархію. Указам Высокапраасвяшчэннейшага Антонія, мітрапаліта Мінскага і Беларускага ад 9 лістапада 1977 года ён быў прызначаны настаяцелем храма гарадскога пасёлка Малая Бераставіца, Бераставіцкага раёна, Гродзенскай вобласці. 12 верасня 1986 года айцец Уладзімір Шыла Мітрапалітам Мінскім і Беларускім Філарэтам быў прызначаны настаяцелем Свята-Барыса-Глебскага храма в. Накрышкі. Сіламі а. Уладзіміра і прыхаджан быў збудаваны каменны прытвор храма. Набажэнствы ў храме не спыняліся, але перабудова не змагла напісаць яркую старонку ў жыцці парафіі. Актыўнае і ўсебаковае адраджэнне супольнага жыцця адбылося з прызначэннем на Накрышскую парафію святара Расціслава Салаўёва (гады служэння 2001 – 2006), выпускніка Мінскай духоўнай акадэміі (Дадатак №2). А. Расціславу ўдалося ўдыхнуць новую сілу ў, здавалася б, ужо заміраючае парафіяльнае жыццё. Быў праведзены капітальны рамонт царкоўнага будынка, рэгулярнымі сталі па-за богаслужбовыя сустрэчы святара з прыхаджанамі і моладдзю. Пры айцы Расціславе дзейнічала нядзельная школа пры царкве.

З 2007 года па 2013 год настаяцелем храма быў святар Георгій Рой (Дадатак №3). Гэтыя гады для святара былі найкаштоўнейшым часам набыцця пастырскага вопыту. Ён працягваў работы па рамонце храма, добраўпарадкаванні тэрыторыі. Актыўна супрацоўнічае з рознымі СМІ. Па ініцыятыве Георгія Роя і па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Гурыя, архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага на маляўнічых берагах Нёмана ў в. Дзям’янаўцы, Дзятлаўскага раёна, Гродзенскай вобласці праходзіў праваслаўны моладзевы злёт-лагер, прысвечаны памяці дабравернага князя К. Астрожскага (Дадатак №4). Выбар месца правядзення лагера не выпадковы. Князі Астрожскія былі заснавальнікамі г. Дзятлава і валодалі дзятлаўскімі землямі. Яны былі першымі будаўнікамі праваслаўных храмаў і першымі асветнікамі. Злёт адкрыўся святочнай Боскай літургіяй у дзень памяці св. Страстацерпцаў князёў Барыса і Глеба, якую здзейсніў архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый у Свята-Барысаглебскай царкве ў в. Накрышкі, Дзятлаўскага раёна. На літургіі саслужылі: настаяцель Лідскага кафедральнага сабора сакратар епархіі пратаіерэй Сергій Шафарост, благачынны Дзятлаўскай царкоўнай акругі пратаіерэй Мікалай Пінчук, настаяцель Свята-Георгіеўскага прыхода г. Ліда, іерэй Валерый Мануйла. Па заканчэнні літургіі ўладыка Гурый звярнуўся да паствы з пропаведзю і вітаў удзельнікаў і арганізатараў моладзевага злёту. Архіерэй падзякаваў настаяцелю храма іерэю Георгію Рою за ініцыятыву і працу па арганізацыі гэтага місіянерскага служэння. Таксама ўладыка падзякаваў мясцовым уладам за садзейнічанне ў правядзенні мерапрыемства. Пасля хрэснага ходу вучні нядзельнай школы прыхода паказалі гасцям тэатралізаванае прадстаўленне “Святыя князі Барыс і Глеб”. Разам з удзельнікамі злёту архіепіскап Гурый, духавенства і афіцыйныя госці прыбылі да месца правядзення лагера ў в. Дзям’янаўцы. У адкрыцці злёту прынялі ўдзел мясцовыя органы ўлады: намеснік старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, старшыня камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Гродзенскага аблвыканкама Ігар Андрэевіч Папоў, мясцовае кіраўніцтва: Уладзімір Мікалаевіч Быстрыцкі і Васіль Браніслававіч Залеўскі. На адкрыцці таксама быў запрошаны з Масквы кінарэжысёр Васіль Леанідавіч Яцкін. З 2013 па 2019 год настаяцелем храма стаў айцец Аляксей Сцяпановіч. (Дадатак № 5). Нарадзіўся будучы святар 28 кастрычніка 1988 года ў Брэсцкай вобласці, Бярозаўскага раёна ў в. Тэхны. У 2006 годзе паступіў у МДУ па спецыяльнасці чытальнік-устаўшчык і адразу пасля яго заканчэння паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. Пасля заканчэння семінарыі быў накіраваны служыць настаяцелем храма Святых і благаверных князёў Барыса і Глеба ў в. Накрышкі. Падчас нясення паслушэнства настаяцеля храма, гэтак жа нёс паслухмянасць турэмнага святара ПУ “Папараўчая калонія-пасяленне №26” п. Гезгалы. На тэрыторыі прыхода храма знаходзяцца яшчэ 2 царквы — в. Пацаўшчына, в. Дзям’янаўцы. Як святар, духоўнік і проста чалавек, бацюшка любіць пагаварыць. Вернікі ўспамінаюць яго з глыбокай павагай і любоўю. За час сваёй працы ён здолеў набыць любоў, давер і павагу вернікаў. У прыход а. Аляксей ўклаў шмат сіл і любові. За час яго служэння быў зроблены вонкавы рамонт фасада храма, унутраны і вонкавы рамонт калакольні, унутраны рамонт прытвора, заменены аблачэнне прыстолу і ахвярніка драўлянае разное, праведзена капітальная рэстаўрацыя купала. У 2018 годзе а. Аляксей для дзяцей арганізаваў экскурсію ў Мінск, дзе наведалі Свята-Елісавецінскі манастыр, Нацыянальную бібліятэку (Дадатак №6). З канца 2019 года а. Аляксей з’яўляецца клірыкам Сабора Навамучанікаў і іспаведнікаў Царквы Рускай г. Дзятлава.

У цяперашні час у храме служыць пратаіерэй Мікалай Пінчук (Дадатак №7). Царква працягвае жыць і развівацца. І зараз ужо новыя пакаленні вернікаў адкрываюць для сябе Накрышскі храм як месца сустрэчы з Богам, як каштоўную духоўную спадчыну, захаваную продкамі. Па сведчанні многіх нашых паломнікаў і гасцей, у Накрышском храме адчуваецца асаблівая благадаць, якая прываблівае чалавека да зносін з Богам. Накрышская Барыса-Глебская царква — помнік архітэктуры позняга класіцызму. 6 жніўня, Царква святкуе гадавое свята – Дзень памяці пакутнікаў князёў Барыса і Глеба.

school 2
Від храма святых благаверных князёў Барыса і Глеба, в. Накрышкі
school 2 school 2
Дадатак №1. Святар Уладзімір Шыла
school 2
Дадатак №2. Святар Расціслаў Салаўёў
school 2
Дадатак №3. Пратаіерэй Георгій Рой
school 2 school 2
Дадатак №4. Праваслаўны моладзевы злёт-лагер
school 2 school 2
Дадатак №5. Святар Аляксей Сцепановіч
school 2
Дадатак №6. Экскурсія у Мінск
school 2 school 2
Дадатак №7. Пратаіерэй Мікалай Пінчук
school 2 school 2
school 2 school 2
school 2 school 2
Дадатак №8. 6 жніўня - Дзень памяці князей Барыса і Глеба

Спіс выкарыстанай літаратуры:

  1. Официальный сайт Гродненской епархии. http://orthos.org
  2. Очерк из истории Накрышской церкви в биографиях ее настоятелей. Часть1. http://dzyatlava.by/blog/svyashchennik-georgii/ocherk-iz-istorii-nakryshek-i-mestnoi-vetvi-roda-stravinskikh
  3. Очерк из истории Накрышской церкви в биографиях ее настоятелей. Часть2. http://dzyatlava.by/blog/svyashchennik-georgii/ocherk-iz-istorii-nakryshek-i-mestnoi-vetvi-roda-stravinskikh
  4. Очерк из истории Накрышской церкви в биографиях ее настоятелей. Часть4. http://dzyatlava.by/blog/svyashchennik-georgii/ocherk-iz-istorii-nakryshek-i-mestnoi-vetvi-roda-stravinskikh
  5. Накрышки. http://minds.by/zhurnal-stupeni/arhiv-nomerov-za-2010-god/stupeni-3-39-pokayanie-vtoroe-kreshh. дата доступа 12.02.2019 г
  6. Царква: вёска Накрышкі, Парэцкі сельскі Савет // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, ін-т мастацказнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С.В.Марцэлеў (гал.рэд.) і інш. – Мінск, 1986. – С. 179.
  7. Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік /А.М.Кулагін, маст. З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. – Мінск, 2007. – С.294.
  8. Кулагін, А.М. З архітэктурнай спадчыны: Свята-Барыса-Глебская царква в.Накрышкі // Памяць: гісторыка – дакументальная хроніка Дзятлаўскага раёна. – Мінск, 1997. – С.362.
  9. Рой, Г. Род Стравінскіх – заснавальнікі Накрышскай царквы //  Перамога. –  2010. –  №31. –  21 красавіка. –  C.5 
  10. Салаўёў, Р. Хрышчэнне Гасподне //  Перамога. – 2006. – 18 студзеня. –  С. 3.

Летапіс Накрышскай школы

Спiртзавод 1

З гістарычных крыніц вядома, што ў вёсцы Накрышкі жыў пан Стравінскі. У яго быў прыгожы палац, розныя гаспадарчыя і адміністрацыйныя пабудовы. У адным з дамоў размяшчаліся “пастарунак” — паліцэйскі ўчастак, і “гміна” — мясцовая ўлада, накшталт цяперашняга сельскага Савета. Каля гэтай пабудовы стаяў драўляны дом, у якім размяшчалася пачатковая школа (1-4 класы). Дзяцей вучыў настаўнік Насалік, аўстрыец па нацыянальнасці. У той час настаўніка называлі “пан настаўнік”. З прыходам Савецкай улады адбыліся некаторыя змены. У 1939 годзе ў школу прыслалі спецыялістаў - настаўнікаў з іншых рэгіёнаў краіны. У час Вялікай Айчыннай вайны працавала пачатковая школа. Настаўнікам назначылі Русіна Георгія Паўлавіча. Падчас вайны былі спалены некаторыя панскія пабудовы, у тым ліку і памяшканне, у якім размяшчалася пачатковая школа.

Дзяцей было шмат, іх трэба было вучыць. У сувязі з гэтым пачаткоўцы (вучні 1-4 класаў) займаліся ў доме мясцовага жыхара Мацюшка М.І. Там жа была аптэка, жыў на кватэры аптэкар. Для вучняў 5-7 класаў адкрылі сямігадовую школу, якая размяшчалася ў доме былой мясцовай улады. Вучняў было вельмі многа, яны займаліся ў дзве змены. Наведвалі школу дзеці з вельмі аддаленых вёсак і хутароў: Труханавічы, Пацаўшчына, Лудзічы, Вянскі, Цісава, Засенна, Дзям’янаўцы, Карытніца, Моцевічы, Дубраўка, Чырвоны Бор. У першую змену займаліся дзеці з далёкіх вёсак, у другую — з вёсак Накрышкі, Хвінявічы, Парэчча, Хабаткі. Пасля вайны напаўняльнасць класаў была вельмі вялікая. У адзін клас хадзілі дзеці розных узростаў, напрыклад, з 1941 года нараджэння і з 1936 года нараджэння. Старэйшых за іншых дзяцей называлі “пераросткамі”.

Умовы для навучання ў параўнанні з сучаснымі былі не вельмі здавальняючымі: лямпавае асвятленне, абагравалася школа печкамі, якія палілі дровамі; званілі на ўрокі і з урокаў звычайным званком, так як электрычнасці не было; у адным класным пакоі займалася 30 і нават больш вучняў. Тэхнічнымі работнікамі ў той час працавалі Спорская Алена Канстанцінаўна, Грыб Канстанцін Іосіфавіч, Карэйка Ганна Юльянаўна. Яны мылі падлогу, палілі ў класах печкі, нарыхтоўвалі дровы. Настаўнікі працавалі ў так званай “канцэлярыі”, цяпер гэта “настаўніцкая”.

Спiртзавод 2
На здымку: (злева направа) Краснічэнка Н.І., Рамашэўская В.М., Гулеў М.С., Ківуля Н.П.

Яшчэ ў школе было вялікае класнае памяшканне, так званая “святліца”, дзе займаўся 7 клас (30 вучняў). Прыехалі на працу ў школу настаўнікі з Магілёўшчыны і іншых абласцей Беларусі, з Украіны, Расіі (гэта былі бежанцы са Смаленскай і Бранскай абласцей). Прыезджыя жылі на кватэрах у мясцовых жыхароў, у бараках - пабудовах, у якіх раней пражывалі панскія слугі. Настаўнікамі пачатковых класаў працавалі Гулеў Міхаіл Сямёнавіч, Ясюля Іван Цімафеевіч. У 1944 годзе з фронта быў дэмабілізаваны Рамашэўскі Георгій Афанасьевіч, які выкладаў матэматыку. Ясюля Надзея Георгіеўна вучыла рускую і нямецкую мовы. Рамашэўская Вольга Мінаўна пачала працаваць з 1949 года, выкладала хімію і біялогію, Грынцэвіч Клаўдзія Макараўна вяла ўрокі ў пачатковых класаў. Старэйшай важатай працавала Пранкевіч Галіна Мікалаеўна.

Спiртзавод 2
Пратацкі В.К. (1956 - 1957 н.г.)

Першым дырэктарам школы быў Рамашэўскі Афанасій Аляксандравіч, яго намеснікам працавала Кучэйка Алена Аляксандраўна. Дырэктар выкладаў гісторыю, намеснік — рускую мову і літаратуру.

Спiртзавод 2
Стаяць (злева направа): Шчотка І.І., Ясюля І.Ц., Рамашэўскі Г.А.; сядзяць (злева направа): Рамашэўская В.М., Рамашэўскі А.А., Клюйко А.А., Жадзейка В.І., Веяўнік Н.Н. (1950 - 1951 н.г.)

Такія ж прадметы пазней выкладала Краснічэнка Ніна Ігнацьеўна, Шчотка Іван Іванавіч, яе муж, вёў працоўнае навучанне і займаўся бухгалтэрыяй установы. У той час старэйшай важатай працавала Кулеш Лідзія Аляксандраўна, потым Белавус Ірына Сцяпанаўна. Варанок Валянціна Паўлаўна выкладала беларускую мову і літаратуру. Пазней гэты прадмет у школе выкладала Саўчук Тамара Анатольеўна. Грэнаш Эмілія Іосіфаўна была намеснікам дырэктара і выкладала гісторыю і геаграфію. Пратацкі Васіль Канстанцінавіч вёў урокі фізкультуры.

За час існавання Накрышскай школы змянілася некалькі дырэктараў: першым дырэктарам працаваў Рамашэўскі Афанасій Аляксандравіч, потым яго змянілі Шэшукоў Павел Філімонавіч, Клюйко Анатолій Антонавіч, Жадзейка Віктар Іпалітавіч, Васілевіч Васіль Васільевіч, Шкурдзіялаў Васіль Сцяпанавіч. Апошні выкладаў гісторыю. Яго жонка, Яўгенія Міхайлаўна, вяла ўрокі геаграфіі і працавала ў прышкольным інтэрнаце выхавацелем. Апошнім дырэктарам Накрышскай школы быў Глубокі Анатолій Аляксандравіч. Ён вёў урокі матэматыкі і фізікі. Нягледзячы на цяжкасці, вучыліся дзеці вельмі добра, старанна. У іх была вялікая прага да ведаў. Школьнае жыццё праходзіла цікава: вучні разам з настаўнікамі ставілі спектаклі, удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, ладзілі вечары, канцэрты, сустрэчы. Каля школы рос сад, быў прышкольны ўчастак. За раслінамі даглядалі дзеці.

Спiртзавод 2
Вучні разам з настаўніцай біялогіі Рамашэўская В.М. даглядаюць прышкольны ўчастак.

У час рэформы адукацыі сямігадовая школа стала васьмігадовай. Накрышская васьмігадовая школа функцыяніравала да 1977 года. Цэнтр калгаса размясціўся ў вёсцы Хвінявічы. Згодна генеральнага плана там пабудавалі сярэднюю школу. Па гэтай прычыне і таму, што памяшканне Накрышскай школы было ў аварыйным стане, у 1977 годзе вучняў і некаторых настаўнікаў перавялі ў Хвінявіцкую сярэднюю школу. Зараз на месцы, дзе стаяла школа, растуць зараснікі бэзу. У маі там гучаць цудоўныя трэлі салаўёў. Праз многія годы гэта месца прыцягвае невядомай сілай. Хочацца даведацца яшчэ больш і больш пра школу і пра людзей, якія там працавалі і вучыліся, пра тое, як склаўся іх далейшы лёс. Пошукі працягваюцца.

Парк «Клёмбы»

Спiртзавод 1

Парк у вёсцы Накрышкі быў закладзены ў першай палове XIX стагоддзя. Ён займае плоскую тэрыторыю плошчай каля 5 гектараў. У той час у цэнтры парка размяшчаўся дом памешчыка (не захаваўся). Аднапавярховы драўляны будынак з дзвюма верандамі. З боку фасадаў маёнтка размяшчалася аранжарэя. Прыгожая алея ішла па краі сядзібы. Яна агібала сад і парк з паўночна-ўсходняга боку і выходзіла да параднай часткі маёнтка, цэнтр якой меў форму круга з сонечным гадзіннікам зробленым з белай таполі. Вакол маёнтка размяшчалі невялікія дрэвы і клумбы. З паўднёвага боку размясціўся прамавугольнай формы вадаём, выкапаны уручную. На адной восі з ім размешчаны другі вадаём, аналагічны па форме і памерам. Гэтае месца з’яўлялася самай ціхай і маляўнічай часткай парку. У водным люстэрку адлюстроўваліся кроны дрэў экзатычных раслін, якія зацянялі вадаём. Пад кронай старой лістоўніцы ў далёлія часы размяшчалася альтанка – гэта быў самы ціхі і аддалены куток. Альтанка была таксама яшчэ і ў садзе, уздоўж яе праходзіла сцежка да царквы. Улетку ў кадках па ўсяму парку размяшчаліся аранжарэйныя субтрапічныя і трапічныя расліны. За маёнткам знаходзілася вялікая цэнтральная паляна з таполяў, а за ёй сад пладовых дрэў. Праз парк ішла вузенькая сцежка, якая вяла праз дамбу да вострава, які знаходзіцца з паўднёвага берага вадаёма. Востраў круглай формы, да 20 м у дыяметры. Шчыльнай сцяной абсаджаны алешынай і ясенем. З берагам востраў злучаўся перакідным мастком. У парку былі высаджаны снежнаягаднік, рабіннік, шыпоўнік, спірэі. Саліцёрамі служылі лістоўніца еўрапейская і польская хвоя, клён вастралісты. Усяго ў парку налічвалася 30 відаў дрэў. Значная ўвага ў той час была нададзена таполі белай, у сувязі з пераўвільготненасцю тэрыторыі. Кампазіцыйныя асаблівасці паўднёвай часткі парка гавораць аб сіле рамантычных матываў у беларускім пейзажным парку, якія ў параўнальна невялікіх сядзібах былі да паловы XIX стагоддзя і нават у пазнейшы час.

Нажаль на сёняшні дзень парк захаваўся часткова. У цяперашні час ён з’яўляецца помнікам прыроды.

school 2 school 2
school 2 school 2
school 2 school 2
school 2 school 2
school 2 school 2